Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і прыгатаванне яе да перыяду адвэнту, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
6 снежня (серада): Успамін Святога Мікалая, біскупа
Святы Мікалай быў біскупам Міры ў Малой Азіі ў пачатку IV стагоддзя. Яго культ пашырыўся на Захадзе пасля перанясення рэліквій святога да Бары ў Італіі. У пастырскай дзейнасці ён адзначаўся міласэрнасцю. Бог узнагародзіў яго гарлівасць і любоў дарам здзяйснення цудаў. Легенда кажа, што ноччу Святы Мікалай клаў міласціну ў дамы патрабуючых. Адгэтуль пайшоў звычай адорваць дзяцей падарункамі ў гэта свята.
8 снежня (пятніца) УРАЧЫСТАСЦЬ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НПМ – абавязковая прысутнасць на літургіі.
У гэты дзень, мы праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы.
Дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») ад 8 снежня 1854 г.
Дадатковая св. Імша ў 12.00.
1. На гэтым тыдні таксама прыпадае:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
2. Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта час посту. На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Заахвочваем таксама і вас прыняць на сябе постныя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духовага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.
3. Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас, разам з дзецьмі запрашаем на РАРАТЫ ў сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы.
4. Адвэнтовыя рэкалекцыі ў нашай парафіі пройдуць з 8 па 10 снежня.
Расклад:
8 снежня (пятніца): 6.45 (рараты), 12.00, 19.00 - св. Імша з навукай;
9 снежня (субота): 8.00, 12.00, 19.00 - cв. Імша з навукай, 10.30 - навука для дзяцей
10 снежня (нядзеля): 9.00, 10.30, 12.00, 13.30, 18.00 - cв. Імша з навукай
5. Традыцыйнае адвэнтавае чуванне моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пройдзе 9 снежня ў мінскай архікатэдры. Тэма сёлетняй малітоўнай сустрэчы, якая штогод ладзіцца перад урачыстасцю Нараджэння Пана, — «Узрадуюся ў Пану, узвесяліцца душа мая ў Богу маім».
6. У закрыстыі можна набыць каляндары на 2018 год, аплаткі на вігілійны стол і свечку CARITAS.
7. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.