Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

20 верасня (аўторак): успамін св. Андрэя Кім Таэгона, святара, і Паўла Чон Хасана, і паплечнікаў, мучанікаў

Кім Таэгон нарадзіўся 21 жніўня 1821 г. у Карэі ў сям’і хрысціянаў і пры хросце атрымаў імя Андрэй. Нягледзячы на жорсткі пераслед хрысціянскай веры, які лютаваў тады ў Карэі, Андрэй Кім захаваў ёй вернасць і ў 1845 г. прыняў у Шанхаі (Кітай) святарскае пасвячэнне, стаўшы першым каталіцкім святаром карэйскага паходжання. Рызыкуючы жыццём, ён вярнуўся на радзіму, пасля чаго дапамог таксама іншым святарам прабрацца ў Карэю.

Праз год пасля пасвячэння, 16 верасня 1846 г., у Сеуле, Андрэй быў арыштаваны і бязлітасна забіты праз адсячэнне галавы. У гады пераследу хрысціянства ў Карэі загінула шмат іншых хрысціянаў, сярод якіх вядомы сваім адданым апостальскім служэннем свецкі вернік Павел Чон Хасан. Ён прыняў мучаніцкую смерць ва ўзросце 44-х гадоў 22 верасня 1839 г. пасля доўгіх катаванняў, якімі яго спрабавалі прымусіць адрачыся ад «чужой рэлігіі». У 1984 г. Папа Ян Павел ІІ кананізаваў 103 карэйскіх мучанікаў, якія аддалі жыццё за веру. Святога Андрэя Кім Таэгона асаблівым чынам ушаноўваюць у яго на радзіме, перш за ўсё мясцовыя святары.

21 вераня (серада): свята св. Мацвея, апостала і евангеліста

У Евангеллі сам Мацвей так апісвае сваё пакліканне: «Калі Езус праходзіў, убачыў чалавека, які сядзеў на мытні, па імені Мацвей, і сказаў яму: Ідзі за Мною. Ён устаў і пайшоў за Ім». Гэтае Евангелле з’явілася каля 41 – 42 гг. і, паводле старажытных сведчанняў і заключэння Біблейскай камісіі, было напісана на габрэйскай мове. 

Да паклікання ў супольнасць апосталаў Мацвей быў мытнікам у Капернауме, горадзе, які знаходзіўся на заходнім беразе Генісарэцкага возера. Ён меў таксама і другое імя — Левій. Згодна з традыцыяй, пасля ўнебаўшэсця Хрыста Мацвей каля 42 г. пакінуў Палестыну і накіраваўся абвяшчаць Евангелле ў Егіпце і Эфіопіі. Там ім былі здзейсненыя шматлікія аздараўленні. Не захавалася звестак пра тое, дзе і пры якіх абставінах загінуў апостал, але ўжо першыя хрысціяне ўшаноўвалі яго як мучаніка. Святы Мацвей з’яўляецца апекуном мытнікаў і банкіраў, а таксама ратуе ад алкагалізму. 

23 верасня (пятніца):  успамін Святога Піа з Петрэльчыны

Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.

1. Сёння адбываецца штомесячны збор ахвяраванняў на будову касцёла. Дзякуем за вашыя ахвяры і запрашаем ў сераду а 19 г. на набажэнства і св. Імшу ў інтэнцыі ахвярадаўцаў

2. Запрашаем сем’і нашай парафіі далучыцца да сем’яў END - Суполак Маці Божай.

3.  20 верасня католікі Беларусі далучацца да сусветнай малітвы за мір. Мерапрыемствы з нагоды Сусветнага дня малітвы за мір пройдуць 18-20 верасня ў Асізі.  Ў гэты дзень ў нашай парафіі пасля святых Імшаў адбудзецца адмысловае набажэнства.

4. Запрашаем прыняць удзел у пілігрымцы ў Чэнстахову з 19 па 22 кастрычніка.

5. 1 кастрычніка зменіцца расклад набажэнстваў. З новым раскладам можна пазнаёміцца на нашым парафіяльным сайце www.jan.by або на дошцы аб’яваў.

6. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.






Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.