Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем нашым сябрам з Польшы за гэты тыдзень праведзены разам з нашымі дзецьмі. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

29 жніўня (панядзелак): Успамін Мучаніцтва Святога Яна Хрысціцеля

Святы Ян Хрысціцель прызываў свой народ, а таксама і караля Ірада, да паправы жыцця. За гэта яго пасадзілі ў вязніцу і ссяклі галаву. Так, як прарокі і Апосталы, уласнай крывёю пацвердзіў абвяшчаемую навуку.

3 верасня (субота): Успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы.

Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Грыгорый І памёр 12 сакавіка 604 г. у Рыме і быў пахаваны ў базыліцы св. Пятра. За ім замацавалася слава дасканалага пантыфіка, а таксама найменне «Вялікі», якое далі яму нашчадкі. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.

1. На гэтым тыдні прыпадае:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай.

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.

Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя Жывога Ружанца на верасень: Молімся за дзяцей і моладзь з нашых сем’яў, каб час навукі ў школе і на катэхезе паспрыяў іх асабістаму інтэлектуальнаму і духоваму развіццю.

1. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2016/2017 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу (катэхеза распачынаецца ў першым класе).

2. Запрашаем новых кандыдатаў да літургічнай службы алтара.

3. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі.

4. У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.