Шчыра дзякуем тым, хто падрыхтоўваў нашую капліцу да нядзельнага набажэнства, усім за супольную малітву і за складзеныя ахвяраванні. Асабліва дзякуем моладзі і ўсім, хто дапамагаў ў збіранні ахвяраў на будову нашага касцёла падчас урачыстасцяў у Тракелях. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
11 ліпеня (панядзелак) - Свята св. Бэнэдыкта, Абата, апякуна Еўропы
Святы Бэнэдыкт — айцец манаства на хрысціянскім Захадзе — нарадзіўся каля 480 г. у Нурсіі (паўднёвая Італія) і паходзіў з багатай сям’і. Пакінуўшы вучобу ў Рыме, стаў жыць пустэльнікам. Праз пэўны час вакол яго сабралося шмат іншых манахаў, і каля 529 г. ён разам з паплечнікамі заснаваў на поўдні ад Рыма славуты кляштар Монтэ Касіно. Асноўным правілам манаскага жыцця ў ім былі словы «Ora et labora» («Маліся і працуй»), якія сталі дэвізам ордэна бэнэдыктынцаў. У Монтэ Касіно Бэнэдыкт напісаў статут — Ordo Sancti Benedicti, — які стаў асноваю для большасці манаскіх супольнасцяў Захаду.
Заснаваны ім ордэн бэнэдыктынцаў на працягу стагоддзяў быў найбольш значным духоўным, культурным і навуковым асяродкам Еўропы. У 590 г. бэнэдыктынец упершыню стаў Папам. Гэта быў святы Грыгорый Вялікі — славуты касцёльны рэфарматар, які пакінуў найбольш звестак пра святога Бэнэдыкта (і пазней вельмі часта на Пасадзе святога Пятра знаходзіліся менавіта бэнэдыктынцы). Такім чынам сціплы манах-пустэльнік распачаў найбольшае ў гісторыі аднаўленне Касцёла і стаў «будаўніком хрысціянскага Захаду». Святы Бэнэдыкт памёр 21 сакавіка 547 г. і быў пахаваны на Монтэ Касіно каля магілы сваёй сястры-блізняці святой Схаластыкі. Святы з’яўляецца апекуном Еўропы і ўсяго Захаду, а таксама настаўнікаў і школьнікаў. У Касцёле вельмі папулярны медалік з яго выявай, што абараняе ад злых чараў і магіі.
15 ліпеня (пятніца) - успамін Cвятога Бонавэнтуры, біскупа і доктара Касцёла
16 ліпеня (субота) - успамін Найсвяцейшай Панны Марыі з гары Кармэль (Маці Божай Шкаплернай)
У XIV ст. на гары Кармэль ў Палестыне існаваў закон, члены якога, духоўныя сыны прарока Іллі, называлі сябе братамі Найсвяцейшай Панны Марыі. Кармэліты вялі жыццё, адданае малітве, працы і пакаянню, захоўваючы цноты чыстасці, убоства і паслухмянасці.
У канцы XIII стагоддзя, у сувязі з пераследваннямі з боку мусульманаў, рэлігійнымі войнамі з туркамі і заняпадам Касцёла на Святой Зямлі, законнікі былі вымушаныя выехаць у Еўропу. Тут, у новым асяроддзі, перад малавядомым законам узнікла пагроза роспуску.
У такім цяжкім становішчы генерал закону Сымон Сток пачаў прасіць Марыю, каб Яна захавала прысвечаны Ёй закон. У адказ на шчырую малітву Марыя аб'явілася святому Сымону ў ноч з 15 на 16 ліпеня 1251 г. У акружэнні анёлаў, указваючы на шкаплер, учыніла яго знакам сваёй Матчынай апекі, сказаўшы: «Гэта будзе прывілей для цябе і для ўсіх кармэлітаў — хто ў ім памрэ, не зведае агню пякельнага». Пасля таго аб'яўлення зніклі ўсе перашкоды і закон пачаў пашырацца па ўсёй Еўропе.
Праз 70 гадоў Маці Божая аб'явілася Святому Айцу Яну XXII і, пацвярджаючы папярэднія прывілеі (асаблівую апеку ў зямным жыцці і пазбаўленне ад агню пякельнага), абяцала, што кожны, хто ў момант смерці будзе мець на сабе Яе шкаплер, у першую суботу пасля смерці будзе выведзены з чыстца ў неба.
Паводле традыцыі, шкаплер сведчыць аб прысвячэнні сябе Марыі, даверу да Яе матчынай любові і жаданні так, як Яна, прысвяціць сябе служэнню бліжнім. Шкаплер з'яўляецца знакам імкнення да свядомай і сяброўскай любові да Найсвяцейшай Панны.
1. Набліжаюцца Сусветныя дні моладзі, якія пройдуць з 25 да 31 ліпеня ў Кракаве. Моладзь з нашай парафіі разам з кс. Уладзімірам таксама прыме ўдзел у гэтай сустрэчы моладзі з Папам Францішкам. Даручаем іх малітве парафіянаў.
2.Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і св. Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа ў інтэнцыі будовы нашага касцёла і за ўсіх нашых ахвярадаўцаў.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.