Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

23 красавіка  (субота): Успамін Святога Юрыя, мучаніка. 

Паводле падання, Святы Юрый быў рымскім воінам, які паходзіў з Лідзіі і быў хрысціянінам. Каля 300 г. ён уступіў у войска цэзара Дыяклетыяна і дасягнуў вялікіх поспехаў у службе. Аднак з-за сваёй веры ў Хрыста быў арыштаваны і аддадзены на катаванні. Ён прыняў мучаніцкую смерць у Нікамедыі (па іншых звестках — у Кападокіі) паміж 304 і 305 гг. Паступова культ святога распаўсюдзіўся ва ўсім тагачасным хрысціянскім свеце. У XV ст. у Германіі ён быў залічаны да чатырнаццаці святых памочнікаў, а таксама абвешчаны апекуном Англіі. 

З яго імем звязаная вельмі папулярная ў Сярэднявеччы легенда пра тое, як Юрый, калі быў рымскім афіцэрам, выратаваў дачку Кападоцкага цара, якую аддалі на разарванне цмоку. У гэты момант з’явіўся святы Юрый, які паразіў цмока дзідай і, скаванага ланцугамі, але яшчэ жывога, кінуў перад натоўпам. Ён паабяцаў забіць цмока, калі ўсе жыхары ахрысцяцца. Кароль і падданыя згадзіліся, і цмок быў забіты, а 1500 чалавек прынялі хрост. Святы Юрый быў надзвычай папулярны таксама і на нашых землях і асабліва ўшаноўваўся земляробамі. На свята ў яго гонар прыгонным сялянам дазвалялася змяняць гаспадароў. Выява святога Юрыя, які паражае цмока, — адзін з самых папулярных сюжэтаў у іканапісе і сакральнай скульптуры. 

У гэты дзень Папа Францішак і біскуп Юрый Касабуцкі святкуюць свае імяніны.

1. Чацвёртая велікодная нядзеля называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень мы распачынаем таксама тыдзень малітваў аб святарскім і законным пакліканні да служэння ў Касцёле.

2. Перадшлюбны курс у нашай парафіі кожную пятніцу ад 29 красавіка.

3. У гэтую нядзелю распачынаем запісы на летні дзіцячы лагер.

4. Кожны аўторак а 19 г. у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага і св. Імша складковая. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

5. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.