Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за прыбіранне капліцы. Асабліва дзякуем за ахвяраванні на CARITAS, было сабрана 5.500.000 руб. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

7 сакавіка (панядзелак) – успамін Святых Пэрпэтуі і Фэліцыты, мучаніц

Святыя Пэрпэтуя і Фэліцыта, мучаніцы жылі ў ІІ – ІІІ стст. у Карфагене (Паўночная Афрыка). Пэрпэтуя паходзіла са шляхетнага роду і мела двухгадовую дачку, а Фэліцыта была рабыняю. У вязніцы абедзве прынялі хрост, а Фэліцыта нарадзіла там дзіця. Калі яны адмовіліся скласці ахвяру язычніцкім бажкам, іх аддалі на разарванне дзікім звярам на гарадской арэне. 

Апынуўшыся сярод звяроў, жанчыны падтрымлівалі адна адну і праслаўлялі Бога, дадаючы сабе мужнасці. Моцна параненых леапардам, іх затым дабілі мячом. Гэта адбылося 7 сакавіка 202 г. Са старажытных часоў святыя былі ў вялікай пашане ў Касцёле, пра што сведчыць таксама і тое, што іх імёны ўзгадваюцца ў Рымскім каноне.

1. У нашай капліцы ў часе посту адбываюцца пакутныя набажэнствы: 

Крыжовы шлях – у пятніцу а 15.00 і а 19.00; 

Песні Жальбы  - у нядзелю пасля Св. Імшы на 12.00.

Падчас посту ў пятніцу Святая Імша а 7.00 і пасля Крыжовага шляху а 15.00.

2. На гэтым тыдні з 11 па 13 сакавіка ў нашай парафіі пройдуць Велікапосныя рэкалекцыі, іх будзе праводзіць кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

3. Перад урачыстасцю святога Юзафа, якую святкуем 19 сакавіка, распачынаем Навэнну да святога Юзафа, якая распачынаецца 10 сакавіка. Святы Юзаф вучыць нас жыць з Хрыстом кожны дзень, вучыць жыць з Хрыстом для Яго хвалы, вучыць далікатнасці ў адносінах да жанчынаў і ўзорнаму жыццю ў сям’і, якое абапіраецца на ўзаемнай любові, павазе, дабрыні. Асаблівай інтэнцыяй гэтай навэнны будзе справа будовы нашага касцёла.

4. 8 сакавіка  не з'яўляецца касцёльным святам, але ў гэты дзень усім нам варта задумацца над вялікай роллю і значэннем жанчыны-хрысціянкі. Таму 8 сакавіка не проста жаночы дзень, але дзень асаблівай малітвы і ўспамінання перад Богам усіх тых жанчын якіх мы спаткалі на нашым жыцёвым шляху. Для памерлых жанчын молімся аб жыцці вечным, а для усіх жывых просім, каб па прыкладзе Марыі былі ўзорам клопату, самааднанасці, самаахвярнасці, любові і спачування. 

5. На гэтым тыдні 7 і 8 сакавіка не будзе катэхэзы.

6. 13 сакавіка – дзень малітваў у інтэнцыі Святога Айца Францішка ў гадавіну абрання (2013 г.).

7. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

8. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.