Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за прыбіранне капліцы і падрыхтоўку нашай святыні да Вялікага посту. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

1. Нагадваем аб тым, што ў перыяд Вялікага поста, Касцёл наказвае нам паўстрыманне ад гучных забаваў а таксама ад спажывання мясных страваў у вызначаныя дні. Дадатковыя пастановы на гэты час кожны з нас можа абраць самастойна альбо параіўшыся са спаведніком.

2. У нашай капліцы ў часе посту будуць адбываца пакутныя набажэнствы: Крыжовы шлях – у пятніцу а 15.00 і а 19.00; Песні Жальбы  - у нядзелю пасля Св. Імшы на 12.00.

Падчас посту ў пятніцу Святая Імша а 7.00 і пасля Крыжовага шляху а 15.00.

3. Велікапосныя рэкалекцыі ў нашай парафіі пройдуць з 11 па 13 сакавіка, іх будзе праводзіць кс. Дзмітрый Пухальскі, канцлер курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

4. Першыя дні Вялікага посту ў Беларусі пазначаны як дні цвярозасці. У гэтыя дні ў касцёлах вернікі заахвочваюцца складаць абяцанні ўстрымання ад ужывання алкаголю на працягу пэўнага часу або на ўсё жыццё. Свае абяцанні можна задэкляраваць у спецыяльнай «Кнізе цвярозасці». 

5. У пятніцу 19 лютага у нашай парафіі адбудзецца кананічная візітацыя.

Прывітанне ксяндза біскупа Юрыя Касабуцкага адбудзецца а 15.00

6. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

7. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.