Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

У літургіі адзначаем:

2 лютага (аўторак): Свята Ахвяраване Пана.

Успамінаецца дзень, калі прынеслі Езуса ў святыню, каб выканаць прадпісанне Старага Запавету. Свята спаткання Хрыста з сваім народам адзначалася ў Ерузаліме з 5 веку, а ў 7 веку было прынята на Захадзе. Гэтым святам акончваюцца урачыстасці, звязаныя з аб’яўленнем свету Слова Уцелаўлёнага.

Згодна са старадаўняй традыцыяй у свята Ахвяравання Пана благаслаўляюцца свечкі, так званыя грамніцы, якія запальваюцца падчас буры (грому) з малітваю аб апецы і абароне.

Св.  Імша а 7.00, 12.00 і 19.00.

3 лютага  (серада): Успамін Святога Блажэя, біскупа і мучаніка.

Святы Блажэй быў біскупам у Сэдасце, у Арменіі. Пасля цяжкіх мукаў быў забіты прыблізна ў 316 годзе. Ушаноўваецца як патрон у хваробах горла.

У дзень святога Блажэя молімся і просім Бога аб здаровым горле і божым выкарыстанні дару голасу. Пасля Імшы адбудзецца благаслаўленне горла.

5 лютага (пятніца): Успамін Святой Агаты, панны і мучаніцы.

Святая Агата (235-251) пасля прыняцця хросту пастанавіла жыць у чыстасці. Паводле падання адмовіла наместніку Сыцыліі, які прасіў яе рукі, чым абудзіла нянавісць і жаданне помсты рымскага намесніка. Прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі. Яе культ распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле.

У дзень успаміну св. Агаты благаслаўляецца хлеб і вада. У малітве асвячэння прыпамінаецца, што св. Агата з’яўляецца асабліваю заступніцаю і апякункаю у небяспецы пажару.

6 лютага (субота): Успамін Святога Паўла Мікі і паплечнікаў, мучаннікаў.

Святога Паўла Мікі, японскага іезуіта, і яго 25 таварышаў укрыжавалі 5 лютага 1597 года ў Нагасакі. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі ўсіх хрысціянаў Далёкага Ўсходу, якія панеслі смерць за веру.

1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай.

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.

Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі.

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

2. Працягваем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. Перад тым, як прыйсці да вас, мы спачатку патэлефануем.

Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.

3. Інтэнцыя жывога ружанца на месяц люты: Каб публічнае вызнанне веры і малітва былі для вернікаў крыніцай жыцця. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.

4. Да капліцы можна прыносіць, асвячэную ў мінулым годзе, вярбу каб спаліць яе і прыгатаваць попел, якім будуць пасыпаны нашыя голавы на пачатак Вялікага Посту ў гэтым годзе.

5. Моладзевыя спатканіі адновяцца ад наступнай нядзелі, пасля св. Імшы а 18.00.

6. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

7. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.