Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем тым, хто прыбіраў снег каля нашай капліцы. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

У літургіі адзначаем:

25 студзеня – (панядзелак): свята навяртання св. Паўла апостала

Навяртанне святога Паўла з’яўляецца адной з найважнейшых падзей у Касцёле. Саўл клапатлівы фарысей і пераследавацель Касцёла, па прычыне аб’яўлення яму Хрыста Уваскрослага каля брам Дамаска, стаў не толькі Яго вучнем, але і прысвяціў усё сваё жыццё распаўсюджванню Евангелля; вывеў Касцёл з абмежаванасці юдэйскай супольнасцю і прынёс святло Евангелля ў Еўропу, стаўшыся Апосталам Народаў.

26 студзеня – (аўторак): успамін Святых Цімафея і Ціта, біскупаў

Былі вучнямі і супрацоўнікамі св. апостала Паўла. Першы быў кіраўніком касцёла ў Эфесе, а другі — на Крыце. Ім былі накіраваны пасланні Апостала народаў, т. зв. «пастырскія», у якіх знаходзяцца дасканалыя парады для пастыраў і цудоўнае навучанне для ўсіх вернікаў. 

28 студзеня (чацвер): Успамін Святога Тамаша Аквінскага, святара і доктара Касцёла

Святы Тамаш нарадзіўся каля 1225 г. Быў выхаванцам абацтва Монтэ Кассіно. У маладым узросце ўступіў да ордэна дамініканаў. Вывучаў тэалогію ў Калоніі пад кіраўніцтвам Альберта Вялікага, а пасля ў Парыжы, дзе пасля сам выкладаў. З’яўляецца самым знакамітым прадстаўніком філасофіі і тэалогіі схаластычнай. Яго галоўныя працы: “Сумма тэалогіі” і “Сумма супраць паганаў” з’яўляюцца арыгінальнай сінтэзай філасофіі і тэалогіі схаластычнай. Напісаў таксама каментарый да Святога Пісання. Памёр 7 сакавіка 1274 г. па дарозе на сабор у Ліоне. З’яўляецца патронам каталіцкіх школ.

1. Паводле традыцыі ў паслякалядным часе адбываецца душпастырская візітацыя нашых сем’яў - каляда. Картачкі з адрасам, калі ласка аддаваць да закрыстыі. Перад тым, як прыйсці да вас я спачатку патэлефаную.

Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць.

2. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

3. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.