Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Асаблівым чынам дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
31 снежня (чацвер): апошні дзень каляндарнага года.
У гэты дзень сардэчна запрашаю прыняць удзел у вечаровым набажэнстве на заканчэнне года. У вечары перад Святой Імшой у 18.30 адбудзеца набажэнства ўдзячнасці Пану Богу за мінулы год, пасля набажэнства Святыя Імшы а 19.00 гадзіне.
1 студзеня (пятніца): Урачыстасць Святой Багародзіцы Марыі.
Святыя Імшы ў гэты дзень як у кожную нядзелю а 8.00, 10.30, 12.00 і 18.00. (абавязковае)
2 студзеня (субота): Успамін Святога Базыля Вялікага і Грыгорыя Назіянскага, біскупаў і дактароў Касцёла.
Святы Базыль нарадзіўся ў 330г. у Цэсарыіі Кападоцкай, навучаўся ў Канстантынопалі і Атэнах. Па вяртанні на айчыну праводзіў жыццё пустэльніка, але ў 370г. стаў біскупам роднага горада. Заставіў пасля сябе знакамітыя тэалагічныя працы і рэгулу, паводле якой жывуць манахі Усходняга Касцёла. Памёр 1 студзеня 379г.
Святы Грыгорый нарадзіўся ў 330г. каля Назыяну. У часы навучання пасябраваў са святым Базылем і быў яго спадарожнікам у жыцці пустэльніка. Аднак быў выбраны святаром, пазней біскупам Канстантынопаля. Праславіўся як знакаміты тэолаг і прамоўца. Паглыбіў каталіцкую навуку аб Святога Троіцы. З прычыны неспакою ў Канстантынопалі пакінуў пасаду біскупа і вярнуўся ў Назыян, дзе памёр каля 390г.
1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя жывога ружанца на месяц студзень: Каб Сын Божы, Езус Хрыстус, быў прыняты ў веры і любові, сэрцам кожнага верніка.
2. У наступную нядзелю пасля св. Імшы а 18.00 гадз. нашу парафію з калядным канцэртам наведае гурт Jolly Green.
3. Паводле традыцыі ў паслякалядным часе адбываецца душпастырская візітацыя нашых сем’яў - каляда. Картачкі з адрасам, калі ласка аддаваць да закрыстыі. Перад тым, як прыйсці да вас мы спачатку патэлефануем.
4. 6 студзеня пасля Святой Імшы а 19.00 гадз. адбудзецца “парафіяльае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя песні. Запрашаю да удзелу сем’і нашай парафіі.
5. У суботу 2 студзеня а 12.00 у катэдральным касцёле, будзем маліцца за кс. Арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча з нагоды яго юбілею 70-дзя з дня нараджэння.
6. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
7. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.