Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

8 снежня (аўторак) Урачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі – абавязковая прысутнасць на літургіі.

Дадатковая Святая Імша а 12:00 гадзіне.

У гэты дзень, мы праслаўляем таямніцу Беззаганнага Зачацця Багародзіцы, якая Божаю ласкаю была захавана ад першароднага граху, кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы.

Дагмат аб Беззаганным Зачацці Найсвяцейшай Панны Марыі быў абвешчаны папам Піем IX у Апостальскім лісце (буле) Ineffabilis Deus («Невымоўны Бог») ад 8 снежня 1854 г.

«Каталіцкі Касцёл (...) рознымі спосабамі і красамоўнымі дзеяннямі з дня на дзень ніколі не пераставаў тлумачыць, навучаць і абгрунтоўваць вучэнне аб першапачатковай цнатлівасці гэтай велічнай Дзевы, якая з’яўляецца неад’емнаю ад Яе дзівоснай святасці і ўзнёслай годнасці Багародзіцы. Касцёл лічыў гэтую навуку атрыманай ім ад Бога і заключанай у дэпазіце нябеснага Аб’яўлення. Гэтае вучэнне прызнавалася з найстаражытнейшых часоў і глыбока ўкаранілася ў розумах вернікаў, а намаганнямі біскупаў Касцёла распаўсюдзілася ва ўсім каталіцкім свеце, паколькі сам святы Касцёл найвыразней аб ім сведчыў, без ваганняў прапануючы вернікам публічна ўшаноўваць і праслаўляць Зачацце гэтай жа Дзевы. Такая красамоўная практыка прадстаўляла Зачацце гэтай Дзевы як штосьці надзвычайнае, цудоўнае, што цалкам адрозніваецца ад зачацця ўсіх іншых людзей. Гэтае Зачацце лічылася святым, бо Касцёл адзначае толькі ўрачыстасці святых. (...) Рымскі Касцёл імкнуўся толькі да таго, каб найбольш яскрава само Беззаганнае Зачацце як культ і вучэнне абвяшчаць, захоўваць, распаўсюджваць і абараняць», — чытаем у дакуменце.

1. Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас, разам з дзяцьмі запрашаем асаблівым чынам на РАРАТЫ ў сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы.

2. Адвэнтовыя рэкалекцыі ў нашай парафіі пройдуць з 18 па 20 снежня іх будзе праводзіць кс. Віталій Міснікевіч побашч паррафіі св. Яна Паўла ІІ у Баранавічах.

3. 12 снежня ў мінскай архікатэдры, а 12.00 пройдзе святая Імша з нагоды завяршэння апостальскай працы ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці. Таксама 12 снежня ў Архікатэдральным касцёле, адбудзецца калядная сустрэча з моладдзю архідыяцэзіі і начное чуванне, пачатак св. Імшы  22.30.

4. Сёння можна будзе набыць аплаткі на вігілійны стол. Моладзь нашай парафіі, традыцыйна прыгатавала паштоўкі на Божае нараджэнне, ёсць таксама каляндары.

5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

6. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.