Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя сёння ахвяраванні, якія прызначаюцца на патрэбы Духоўнай Семінарыі. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
Урачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету: гэта апошняя нядзеля літургічнага года. Наступная нядзеля 29 лістапада гэта першая нядзеля Адвэнту, якой распачынаем новы літургічны год і падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
24 лістапада (аўторак): Успамін Святога Андрэя Дунг-Лака, святара, і паплечнікаў, мучанікаў.
Праца каталіцкіх місіянераў на в’етнамскіх землях распачалася ў XVI ст. У наступных стагоддзях шматразовы выбухалі моцныя пераследаванні, у часе якіх прынялі смерць за веру місіянеры, прыбыўшыя з Еўропы і некаторыя в’етнамцы. 19 чырвеня 1988 г. папа Ян Павел ІІ кананізаваў 119 мучанікаў в’етнамскіх, сярод іх 8 біскупаў, 37 святароў в’етнамскіх і 59 свецкіх в’етнамцаў.
25 лістапада (серада): успамін Святой Кацярыны Александрыйскай, панны і мучаніцы
Паводле падання, Кацярына да хросту мела імя Дасіфея. Яна нарадзілася ў 294 г. у Александрыі Егіпецкай у сям’і мясцовага валадара. Як апавядае Жыціе, дзяўчына вылучалася незвычайнай прыгажосцю і выключнымі здольнасцямі, але разам з тым была вельмі ганарыстаю і не жадала выйсці замуж ні за каго, хто б не пераўзыходзіў яе ва ўсіх адносінах. Маці Кацярыны, патаемная хрысціянка, адвяла дачку да пустэльніка, які распавёў дзяўчыне пра такога Жаніха: «Я ведаю аднаго цудоўнага Юнака, які непараўнальна перавышае цябе ва ўсіх тваіх талентах.
Прыгажосць Яго святлейшая са сонечнае святло, мудрасць Яго кіруе ўсімі пачуццёвымі і духоўнымі істотамі, багацце Ягоных скарбаў распаўсюджана ва ўсім свеце і ніколі не змяншаецца, а Яго высакароднасць невымоўная і неспасцігальная. Ва ўсім свеце няма падобнага Яму». Неўзабаве Кацярына мела містычнае бачанне і прыняла хрост, які цалкам перамяніў яе жыццё: дзяўчына зразумела, што з гэтага часу яно назаўсёды належыць яе сапраўднаму Жаніху — Езусу Хрысту. На пачатку IV ст. рымскім цэзарам быў Максэнцый, які жорстка пераследаваў хрысціянаў. Запрошаная аднойчы на нейкае паганскае свята, Кацярына адважна адмовілася ўдзельнічаць у ім, сказаўшы, што паганскія бажкі — усяго толькі ідалы, і сваім красамоўствам вельмі занепакоіла цэзара. Максэнцый склікаў пяцьдзесят лепшых філосафаў, якія павінны былі даказаць памылковасць выказванняў Кацярыны, але ў спрэчцы з дзяўчынаю яны не змаглі яе абвергнуць і навярнуліся самі. Раз’юшаны цэзар загадаў іх спаліць, а Кацярыну ўкінуў у падзямелле, дзе яе жорстка катавалі: марылі голадам, бічавалі, распіналі на колах з цвікамі і нажамі, што раздзіралі яе цела, але раны цудоўным чынам загойваліся. Тады па загадзе цэзара ёй адсеклі галаву. Рэліквіі Кацярыны Александрыйскай былі ў VI ст. цудоўным чынам знойдзены на гары Сінай, дзе быў заснаваны кляштар яе імя. Святая з’яўляецца апякункаю дзяўчат і нявестаў, настаўнікаў, студэнтаў і вучняў, а таксама прадстаўнікоў усіх прафесій, звязаных з колам.
1. У гэтую сераду і пятніцу апошнія набажэнства лістапада падчас якіх молімся за нашых памерлых: у 18.30 – выпамінкі, ружанец.
2. Сёння успамінаем Святую Цэцылію, панну і мучаніцу. Яна з’яўляецца заступніцай касцельнай музыкі.
3. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
4. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.