Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы, за прыгатаванне святочных дэкарацый. Няхай Добры Бог узнагародзіць за вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
2 лістапада (панядзелак): УСПАМІН УСІХ ПАМЕРЛЫХ ВЕРНІКАЎ
Ушанаваўшы трыумф тых верных, якія ўжо ўвайшлі на неба, Касцёл успамінае ўсіх, хто ў чыстцы каецца за свае грахі. Каб ім дапамагчы, Касцёл прадстаўляе Пану Богу малітвы і дараванне грахоў, атрыманае праз жывых, перш за ўсё праз Ахвяру Хрыста, якая прысутнічае ў Святой Імшы. Успамін усіх памерлых вернікаў увёў абат бенедыктынаў у Клюні святы Адылон у 998 годзе. Вельмі хутка гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле. У 1915 годзе ў час Першай сусветнай вайны Папа Бенедыкт XV па просьбе абата – прымаса бенедыктынаў дазволіў святарам усяго Касцёла адпраўляць у гэты дзень тры Святыя Імшы. Адну ахвяруюць паводле ўласнога выбару, другую – за ўсіх памерлых вернікаў, а трэцюю паводле інтэнцыі Папы.
Парадак набажэнстваў 2 лістапада:
7.00 – Святая Імша;
12.00 – Святая Імша;
18.30 – Нешпары за памерлых
19.00 – Святая Імша.
4 лістапада (серада) – успамін св. Карла Барамея, біскупа.
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамео. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім універсітэце і пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію.
У той час Караль не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага пасвячэння. Святаром ён стаў толькі праз 4 гады, і пазней быў афіцыйна пасвечаны ў біскупы. У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане. На працягу двух наступных дзесяцігоддзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і епіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасць вернікаў: засноўваў духоўныя семінарыі, праводзіў шматлікія сіноды, падтрымліваў місіянерскую дзейнасць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе.
Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымянення іншым іерархам. Знясілены самаахвярным служэннем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга дня. Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры.Парадак набажэнстваў
1. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы пачынаючы з дня 1 лістапада праз 8 дзён (актава) да 8 лістапада кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых, за якіх молімся). У гэтыя дні будзе адпраўляцца Святая Імша ў інтэнцыі памерлых, якіх вы падалі ў выпамінках.
Таксама і ў іншыя дні, па-за актаваю, кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
Вернікі, якія падчас актавы з 1 па 8 лістапада наведаюць могілкі могуць атрымаць поўнае дараванне грахоў (дараванне Богам часовых караў на зямлі і ў чысцы), якое можа быць ахвяравана толькі за памерлых. Атрымаць можна толькі адзін адпуст напрацягу дня пры звычайных умовах: быць у стане асвячальнай ласкі (прыступіць да Споведзі ў гэты самы дзень альбо лепш раней), адгаварыць малітвы Ойча наш…, Веру у Бога…, малітву у інтэнцыі Святога Айца, і прыняць Святую Камунію.
2. Сёння запрашаем да супольнай малітвы на могілках на вул. Масюкоўшчына. Збіраемся каля ўваходу ў 15.00 гадзін. 17.30 – Нешпары за памерлых. 18.00 – Святая Імша.
3. Інтэнцыя жывога ружанца на лістапад: За памерлых пакутуючых у чысцы, каб як мага хутчэй атрымалі магчымасць сузірання Божага аблічча ў небе.
4. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
6. Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.