Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
6 кастрычніка (аўторак): Успамін Святога Бруна, святара
Нарадзіўся каля 1030 г. у Кёльне (Германія). Вучыўся ў школе пры катэдры ў Рэймсе (Францыя), якая была адной з найлепшых, і ў 1057 г. узначаліў яе. Ён выкладаў там больш за 25 гадоў, і за гэты час школа дасягнула незвычайнага росквіту. У 1083 г. Бруна, адмовіўшыся ад усіх пасадаў, выехаў з Рэймса.
Яго былы вучань, біскуп Гуга з Грэнобля, падараваў яму некрануты кавалак зямлі на поўначы ад Грэнобля, які называўся Шартрэз (лац. Картузія). Там Бруна разам з шасцю паплечнікамі ўтварыў пустэльню — Вялікую Картузію, — якая першапачаткова складалася з адной капліцы і паасобных келляў. Гэта стала пачаткам новага ордэна — картузаў, які быў зацверджаны праз паўстагоддзе. У 1089 г. Бруна стаў дарадчыкам Папы Урбана ІІ, які таксама калісьці быў яго вучнем, але праз два гады Бруна пакінуў Ватыкан і заснаваў яшчэ дзве пустэльні-картузіі на поўдні Італіі, дзе і памёр у 1101 г.
7 кастрычніка (серада): Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай
У гэты дзень сваё парафіяльнае свята абыходзіць парафія Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы.
Калі 7 кастрычніка 1571 года была атрымана перамога пад Лепантам над іслмскім войскам, якое паградала Еўропе, папа Пій V устанавіў у гэты дзень свята Найсвяцейшай Панны Марыі Пераможнай. Год пазней сваім рашэннем Папа Рыгор XIII змяніў назву на свята Святога Ружанца. Зрабіў гэта каб выразіць падзяку за ацаленне хрысціянства і заахвоціць верных да гарлівасці ў гэтай малітве. Святы Айцец Клімент XII у 1716 загадаў святкаванне гэтага свята ў Касцёле па ўсім свеце, аднак час святкавання быў перанесенны на першую нядзелю кастрычніка. У 1913 годзе Папа Пій X вярнуў святкаванне на 7 кастрычніка, а пачынаючы з 1969 года рашэннем святога Айца Паўла VI, 7 кастрычніка, адзначаецца свята Маці Божай Ружанцовай.
1. У кастрычніку запрашаем на ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні пасля святой Імшы ўвечары – прыкладна а 19.30 і ў нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне – прыкладна а 13 гадзіне. Дзяцей і моладзь асабліва запрашаем ў сераду і ў пятніцу.
2. Сёння ад усяго сэрца віншуем настаўнікаў і выхавацеляў з іх прафісійным святам, жадаем моцы Духа Святога, заступніцтва Маці Божай і шматлікіх Божых ласкаў.
3. У наступную нязелю, пасля св. Імшы на 19.00 адбудзецца моладзевае чуванне з адарацыяй Найсвяцейшага Сакраманту.
4. У наступную нязелю, пасля св. Імшы на 12.00 адбудзецца спатканне Легіёну Марыі, запрашаем тыя асобы, якія ўзялі малітвы руху і ўсіх зацікаўленых.
5. Сённяшнія ахвяры прызначаюцца на дыяцэзіяльныя мэты.
6. У наступную нядзелю 11 кастрычніка а 17.00 гадз. адбудзецца спатканне бацькоў, дзеці якіх у гэтым годзе прыступаюць да Першай Святой Камуніі.
7. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.