Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
29 верасня (аўторак) Свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў
Дадатковая Св. Імша а 12:00 гадзіне.
Арханёл Міхал — Апякун Касцёла ў Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае хто як Бог?, некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны.
У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — святога Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі звеставаў нараджэнне Езуса Хрыста. Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Акрамя таго, Арханёл Міхал лічыцца апекуном вайскоўцаў, Габрыэль — паштароў, а Рафал — медыкаў.
30 верасня (серада) успамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла
Геранім Стрыдонскі, (330 — 419, Віфлеем) – пісьменнік-палеміст, філолаг, перакладчык на лацінскую мову тэкстаў Бібліі. Тэкст яго перакладу, вядомы пад назваю Вульгаты, на Трыенскім касцёльнам саборы (1545) быў прызнаны кананічным, а сам Геранім лічыцца адным з вялікіх айцоў хрысціянскага касцёла, якога каталіцкі касцёл прылічыў да святых.
Нарадзіўся ў Далмацыі ў 330 у сям'і грэка або ілірыйца. У Рыме атрымаў выдатную для свайго часу адукацыю, потым наведаў іншыя навуковыя цэнтры. У 373 накіраваўся на Блізкі Усход, папярэдне прыняўшы хрысціянства. Два гады правёў у Антыёхіі, пасля накіраваўся ў Халкідонскую пустыню, дзе аддаўся подзвігам аскетызму, вывучэнню яўрэйскай і халдзейскай моў. Наведаўшы Палесціну, Геранім накіраваўся ў Канстанцінопаль, а адтуль зноў у Рым, дзе папа Дамас I зрабіў яго сваім дарадчыкам. Пасля смерці папы (385) назаўсёды пакінуў сталіцу імперыі, вярнуўся ў Палесціну і пасяліўся ў Віфлееме, дзе заснаваў мужчынскі манастыр, вучыў дзяцей і манахаў. Там ён сабраў вялікую бібліятэку, паглыбляў свае веды па старажытных мовах і літаратурах і займаўся перакладам Бібліі на лацінскую мову. Пераклад Геранім, вядомы пад назвай Вульгаты, пасля афіцыйна быў прызнаны каталіцкім касцёлам кананічным. Ен напісаў шэраг палемічных твораў на розныя тэмы, тлумачэнняў да асобных біблейскіх кніг («Быццё», «Эклезіяст», Евангелле ад Мацвея, Пасланні апостала Паўла і інш.), якія ў хрысціянскай літаратуры лічацца аднымі з найлепшых. Яго дагматычныя творы маюць востра палемічны характар, бо іх аўтар быў выдатным майстрам палемікі. За сваё жыццё Геранім напісаў каля 180 твораў. Памёр у Віфлееме каля 419. Праваслаўная царква называе яго блажэнным, а каталіцкая прылічыла да святых.
1 кастрычніка (чацвер) успамін Cвятой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус, панна і доктар Касцёла
Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.
Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы святы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.
2 кастрычніка (паятніца) успамін св. Анёлаў Ахоўнікаў
На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя Жывога Ружанца на кастрычнік – Молімся каб Сінод Біскупаў знайшоў шляхі аздараўлення сям’і з крызісу, які яе ахапіў, і яна сапраўды была надалей падмуркам грамадства, першым месцам гуманізацыі асобы і грамадства, а таксама калыскай жыцця і любові, хатнім Касцёлам, супольнасцю любові і салідарнасці, месцам цэласнага выхавання маладога пакалення, радасцю і надзеяй свету.
1. Пачынаючы ад 1 кастрычніка ў нашай капліцы будуць ладзіцца ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні пасля святой Імшы ўвечары – прыкладна а 19.30 і ў нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне – прыкладна а 13 гадзіне. Дзяцей і моладзь асабліва запрашаем ў сераду і ў пятніцу.
2. Аб’яўляем набор да параф’яльнага хору. Рэпетыцыя хору ў пятніцу а 19.00.
3. Запрашаем сем’і нашай парафіі далучыцца да сем’яў END - Суполак Маці Божай.
4. У наступную нядзелю на святой Імшы ў 10.30 будзем маліцца за настаўнікаў з нагоды іх прафесійнага свята.
5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.