Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

14 верасня (панядзелак) СВЯТА УЗВЫШЭННЯ СВЯТОГА КРЫЖА.

Цэнтральнымі тэмамі літургіі свята Узвышэння Крыжа з’яўляюцца смерць Хрыста на крыжы і адкупленне, якое на ім здейснілася. На крыж неабходна глядзець праз прызму ўваскрашэння. Крыж не з’яўляецца самадастатковаю мэтаю, а шляхам, які вядзе да ўваскрашэння, гэта значыць — да паўнаты жыцця ў Богу. Крыж - знак збаўлення для ўсіх, хто ў прастаце сэрца паверыць у Божую любоў і такі спосаб збаўлення чалавека і ў гэтым святле абсалютна іншае значэнне набываюць усе штодзённыя крыжы чалавека. Парафільная ўрачыстасць Мінск (Кальварыя) — парафія Узвышэння Святога Крыжа. Ксёндз пробашч запрашае нас на адпустовую Святую Імшу а 19 гадзіне.

Дадатковая Святая Імша а 12.00.

15 верасня (аўторак) успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Балеснай

16 верасня (серада) успамін Святых Карнэлія, Папа, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў

Рымлянін Карнэлій быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Цэзар Гал ізноў пачаў пераследаваць вызнаўцаў Хрыста, і ў чэрвені 253 г. Папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і, непадалёк ад Рыма. З прычыны шматлікіх выпрабаванняў і прыніжэнняў, якія давялося перажыць Карнэлію, ён лічыцца мучанікам. Захаваліся два лісты святога, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена.

Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай паганскай сям’і. Маючы ўжо каля 45-ці гадоў, Кіпрыян прыняў хрост і святарскае пасвячэнне, стаўшы ў хуткім часе біскупам Карфагена і кіраўніком касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў ён кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і Папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі. Святы Карнэлій з’яўляецца апекуном земляробаў. Яго заступніцтва просяць пры хваробах вушэй і пры канвульсіях, а Кіпрыяна — аб выратаванні ад чумы.

18 верасня (пятніца): успамін Святога Станіслава Косткі, законніка.

Святы Станіслаў Костка нарадзіўся ў Расткове на Мазоўшы напрыканцы снежня 1550 года. З дзяцінства адзначаўся набажэнствам да Найсвяцейшага Сакра-мэнту і да Маці Божай. Разам з братам быў высланы да іезуіцкіх школаў у Ведню. Меў аб’яўленне Маці Божай, якая параіла яму ўступіць да закону іезуітаў. Па той прычыне, што не мог разлічваць на дазвол бацькоў, пераапрануты ўцёк з Ведня, пеша дабраўся да Дылінгі ў Баварыю і з’явіўся ў святога Пятра Канізыя. Той святы выслаў яго да Рыму, дзе святы Францішак Боргаш прыняў Станіслава да навіцыяту. У навіцыяце Станіслаў будаваў усё асяродзе ўзорным жыццём. Запалены полымем Божай любові выпрасіў сабе смерць у свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1568 годзе. Яго рэліквіі знаходзяцца ў Рыме ў касцёле святога Андрэя на Квірынале. Святы Станіслаў з’яўляецца патронам Польшы.

1. У наступную нядзелю адбудзецца штомесячны збор ахвяраванняў на будову касцёла.

2. Запрашаем новых кандыдатаў у дзіцячы і моладзевы музычны гурт нашай парафіі.

3. Шчыра дзякуем Станулевіч Наталлі і Аляксандру, а таксама п. Крысціне за дапамогу ў рэмонце кватэры.

4. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.