Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
3 верасня (чацвер): Успамін св. Грыгорыя Вялікага, папы і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы.
Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Грыгорый І памёр 12 сакавіка 604 г. у Рыме і быў пахаваны ў базыліцы св. Пятра. За ім замацавалася слава дасканалага пантыфіка, а таксама найменне «Вялікі», якое далі яму нашчадкі. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.
На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (Споведзь), дадатковая св. Імша а 12 гадз.
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
1. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2015/2016 навучальны год. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу (катэхеза распачынаецца ў першым класе).
Катэхеза распачнецца ў нядзелю 6.09.2015
2. Дзякуем усім хто дапамагаў у правядзенні ’’Канікулаў з Богам’’ для дзяцей і моладзі нашай парафіі, асабліва Вользе Іванаўне, Таццяне, Ірыне, Ліліі, Дар’і і Таццяне.
3. Інтэнцыя Жывога Ружанца на верасень – Молімся за дзяцей і моладзь з нашых сем’яў, каб час навукі ў школе паспрыяў іх асабістаму інтэлектуальнаму і духоваму развіццю.
4. У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.
5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.