Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:


24 жніўня (панядзелак) :  Свята Святога Барталамея, апостала

Святы Барталамей, (што па-габрэйску азначае сын Таламея ці сын аратая), хутчэй за ўсё, меў імя Натанаэль. Ён нарадзіўся на пачатку І ст. у Кане Галілейскай, а да Хрыста яго прывёў апостал Філіп. Пасля ўваскрасення Збаўцы Барталамей абвяшчаў Евангелле ў Арменіі, Месапатаміі і Індыі, аздараўляючы хворых і апантаных. Апостал быў забіты ў сярэдзіне І ст.: з яго жыўцом садралі скуру. Святы Барталамей з’яўляецца апекуном шахцёраў і мяснікоў, а таксама яго заступніцтва просяць пры нервовых і скурных хваробах. 

26 жніўня (серада): Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай

Абраз Маці Божай, які знаходзіцца ў кляштары айцоў паўлінаў на Яснай Гары, слыне вялікімі цудамі. Ушанаванне гэтага абраза павялічылася ад часоў абароны Яснай Гары ад шведаў. У 1717 годзе абраз каранаваны, і Ясная Гара стала галоўным месцам культу Маці Божай у Польшчы.

27 жніўня (чацвер): Успамін Святой Монікі

Нарадзілася ў Паўночнай Афрыцы каля 330 года. Жонка паганіна з шалёным характарам, якога сваёй лагоднасцю і цярплівасцю прывяла да хрысціянскай веры. Таксама сваімі малітвамі і слязамі выпрасіла у Бога навяртанне сына Аўгустына, які паддаваўся ўплывам розных ерэтыкаў і вёў грэшнае жыццё. Аўгустын з часам стаў біскупам і адным з вялікіх дактароў Касцёла. Святая Моніка памёрла ў 387 годзе.

28 жніўня (пятніца): Успамін Святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў Паўночнай Афрыцы ў 354 годзе. Сын паганіна Патрыцыя і хрысціянкі Монікі, якая пасвяціла сваё жыццё малітвам аб навяртанні сына. У маладосці праводзіў распутнае жыццё і паддаваўся ўплывам розных ерэсей. У Медыялане пасля размоў са святым Амброзіем і чытання тэкстаў святога Паўла Аўгустын перажыў навяртанне да веры, прыняў хрост. У далейшым стаў святаром, потым – біскупам Гіпона. Памёр у 430 годзе. Яго казанні і сачыненні залічаны да найлепшых спраў хрысціянства.

29 жніўня (субота): Успамін Мучаніцтва Святога Яна Хрысціцеля

Святы Ян Хрысціцель прызываў свой народ, а таксама і караля Ірада, да паправы жыцця. За гэта яго пасадзілі ў вязніцу і ссяклі галаву. Так, як прарокі і Апосталы, уласнай крывёю пацвердзіў абвяшчаемую навуку.

1. Хутка пачатак новага навучальнага і катэхетычнага года. З гэтай нагоды запрашаем студэнтаў, школьнікаў, бацькоў, настаўнікаў і выхавацелей ў наступную нядзелю на Святую Імшу ў 10.30, каб навучанне пачаць з Божым благаслаўленнем. Асвячэнне школьных прыладаў пасля кожнай святой Імшы. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу (катэхеза распачынаецца ў першым класе).

2. Просім дзяцей і бацькоў пазнаёміцца з раскладам катэхезы на 2015/2016 навучальны год.

3. Сёння распачынаем ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі.

4. На гэтым тыдні раняшняя Св. Імша будзе адпраўляцца ў 8.15. 

4. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.