Шчыра дзякуем усім за супольную малітву і вашыя ахвяры. Асаблівым чынам дзякуем усім тым, хто прычыняецца да таго, каб наша каплічка заўсёды была прыбрана і ўпрыгожана. 

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

10 жніўня (панядзелак) Свята – св. Лаўрэнція, дыякана і мучаніка.

Паводле падання, Лаўрэнцій паходзіў з Іспаніі. Ён быў дыяканам і служыў пры св. Папе Сіксце ІІ, з якім яго звязвалі блізкія сяброўскія адносіны. 6 жніўня 258 г. падчас пераследу цэзара Валяр’яна Папу і чацвярых яго дыяканаў, у тым ліку і Лаўрэнція, арыштавалі падчас набажэнства ў рымскіх катакомбах Калікста. Папу ў той жа дзень адсеклі галаву (успамін св. Сікста ІІ, папы і мучаніка, адзначаецца 7 жніўня), а праз чатыры дні мучаніцкую смерць прыняў таксама і Лаўрэнцій: ён быў зажыва засмажаны. 

Перад смерцю цэзар патрабаваў у яго выдаць багацці хрысціянаў, на што святы, паказваючы на жабракоў, сказаў: «Вось сапраўднае багацце Касцёла!» Цела святога Лаўрэнція спачывае ў базыліцы, што носіць яго імя і з’яўляецца адным з найважнейшых касцёлаў Рыма, а галава святога — адна з найкаштоўнейшых рэліквій хрысціянства — захоўваецца ў Ватыкане. Святога Лаўрэнція заўсёды ўшаноўвалі і на Захадзе, і на Усходзе, а ў Рыме ён займае трэцяе месца пасля святых апосталаў Пятра і Паўла ў іерархіі культу. Святы лічыцца апекуном пажарных, яго заступніцтва просяць пры хваробах скуры, а таксама ад пажараў і мукаў чысца. 

11 жніўня (аўторак) Успамін св. Клары, панны.

Нарадзілася ў Асізі ў 1194 г. у арыстакратычнай сям’і. У маладосці яе моцна ўразіла вялікая перамена ў жыцці яе сябра, святога Францішка, які быў старэйшы за яе на 12 гадоў. Па яго прыкладзе яна таксама пажадала наследаваць Хрыста ў чыстасці і ўбостве. З гэтаю мэтаю ў 18 гадоў Клара пакінула бацькоўскі дом і прыняла з рук Францішка манаскае адзенне. Разам са сваёй сястрою Агнешкай яна пасялілася пры касцёле святога Дам’яна непадалёк ад Асізі, побач з якім праз нейкі час утварыўся невялікі кляштар. Ён стаў першай сядзібаю Ордэна Убогіх Сясцёр — кларысак, статут якога напісаў сам святы Францішак. 

Клара мела вельмі вялікі аўтарытэт у тагачасным Касцёле: па парады да яе звярталіся біскупы, кардыналы і Папы. Клара, якая на працягу трыццаці гадоў да самай смерці пакутавала ад хваробаў, адышла з гэтага свету 11 жніўня 1253 г. у сваім кляштары. Рэліквіі святой Клары, якая з’яўляецца апякункаю тэлебачання, знаходзяцца ў касцёле яе імя ў Асізі. Праз яе заступніцтва просяць дапамогі пры хваробах вачэй і слепаце. 

14 жніўня (пятніца) парафіяльная урачыстасць апякуна парафіі св. Максімільяна М. Кольбэ.

Імшы: 7.00 19.00  Магчымасць атрымаць адпуст пад звычайнымі ўмовамі. Прыняць св. Камунію ў стане ласкі асвячальнай і памаліца ў інтэнцыі святога айца і Касцёла.

15 жніўня (субота) урачыстасць Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі 

Асвячэнне і благаслаўленне новага ўраджаю. Прыносім плёны нашай зямлі – насенне і агародніну. Імшы: 8.00 19.00

1. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу (катэхеза распачынаецца ў 1 класе).

2. З 18 па 22 жніўня адбудзецца пілігрымка да Маці Божай Каралевы Палесся у Лагішыне. Зацікауленых просім звяртацца ў закрыстыю.

3. У апошні тыдзень жніўня (23.08-30.08.) адбудуцца ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Запісы ў закрыстыі.  

4. У наступную нядзелю адбудзецца штомесячны збор ахвяраванняў на будову касцёла.

5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.