Шчыры дзякуем усім за супольную малітву і вашыя ахвяры. Асаблівым чынам дзякуем усім тым, хто прычыняецца да таго, каб наша каплічка заўсёды была прыбрана і ўпрыгожана. 


На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

4 жніўня (аўторак) – Успамін Святога Яна Марыя Віянэя, святара

Святы Ян Марыя Віянэй, святарНарадзіўся 8 мая 1786 г. у сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, і ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна. 

Сваім адданым служэннем ён пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. Ён мала спаў, амаль нічога не еў, увесь дзень праводзіў у касцёле і спавядаў да позняй ночы. У Арс прыязджала ўсё больш людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду. Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 г. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе. Святы з’яўляецца апекуном пробашчаў. 

6 жніўня (чацвер) – Свята Перамянення Пана 

Святыя Імша а 7.00, 12.00 і 19.00.

Гэтае свята звязваюць з цудам, які Езус Хрыстос здзейсніў напрыканцы Свайго зямнога шляху перад трыма апосталамі Пятром, Якубам і Янам.

Хрыстос прывёў Сваіх вучняў на гару Табор і адкрыў, што Яму належыць пакутваць за людзей, памерці на крыжы і ўваскрэснуць. Там Ён перамяніўся перад апосталамі: твар Яго заззяў, а вопратка зрабілася асляпляльна белай. Два прарокі Старога Запавету Майсей ды Ілля з’явіліся Госпаду на гары і размаўлялі з Ім. А голас Бога Айца са светлага воблака сведчыў пра Боскасць Хрыста.

Лічыцца, што на гары Табор Езус упершыню паказаў людзям сваю Боскую сутнасць. Вучні асэнсавалі, што перад імі не проста прарок, але сам Пан. Свята Перамянення Пана нагадвае вернікам на прыкладзе Езуса Хрыста пра неабходнасць духоўнага перамянення і ўдасканалення.

Лічыцца таксама, што свята Перамянення Пана звязана са старазапаветным святам асвячэння пладоў. Так, на Ўсходзе ў пачатку жніўня выспяваюць злакі і вінаград, якія хрысціяне прыносяць у храм для блаславення.

8 жніўня (серада) – Успамін Святы Дамінік, святар

Святы Дамінік, святарДамінік (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым. 

За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў — дамініканцаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці закона сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць закону (дамініканкі) у Пруйлі (Францыя). Дамінік памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны. Святы з’яўляецца апекуном краўцоў. Яго заступніцтва просяць ад граду і гарачкі.

На гэтым тыдні прыпадае:

Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

1. Жнівень – гэта месяц цвярозасці. Заклікаем вас на працягу ўсяго жніўня ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў. Свае абяцанні можна задэкляраваць у спецыяльнай «Кнізе цвярозасці».

2. У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу (катэхеза распачынаецца ў 1 класе).

3. З 18 па 22 жніўня адбудзецца пілігрымка да Маці Божай Каралевы Палесся у Лагішыне. Зацікауленых просім звяртацца ў закрыстыю. 

4. У апошні тыдзень жніўня (23.08-30.08.) адбудуцца ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Запісы ў закрыстыі.  

5. Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.