Шчыра дзякуем усім за супольную малітву і вашыя ахвяры. Асаблівым чынам дзякуем усім тым, хто прычыняецца да таго, каб наша каплічка заўсёды была прыбрана і ўпрыгожана.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

29 ліпеня (серада) - Успамін св. Марты

Марта была сястрою Марыі і Лазара з Бэтаніі. Езус часта бываў у іх доме. Аднойчы, калі Езус гасціў у іх, Марта як добрая гаспадыня вельмі клапацілася, каб прыгатаваць пачастунак, а яе сястра Марыя проста сядзела каля ног Збаўцы і ўважліва слухала Яго. Гэта раззлавала Марту, але Езус сказаў, што менавіта Марыя выбрала ў гэтым выпадку «найлепшую частку».

У іншым эпізодзе з Евангелля паводле Яна, у якім апавядаецца пра ўваскрашэнне Лазара, Марта вызнае месіянства Хрыста. Паводле легенды, пасля ўваскрасення Езуса Марта разам з братам і сястрою накіравалася ў Францыю, дзе абвяшчала Евангелле і жыла ў пакаянні. Яна памерла ў хуткім часе пасля сястры і была пахаваная ў Тарасконе на Поўдні Францыі. Святая з’яўляецца апякункай хатніх гаспадыняў і работніц.

31 ліпеня (пятніца) - Успамін Святога Ігнацыя Лаёлы, святара

Ігнацый (Ініго дэ Рэкальдэ дэ Лаёла) нарадзіўся ў 1491 г. у радавым замку Лаёлаў у іспанскай краіне Баскаў і быў самым малодшым з трынаццаці братоў і сясцёр. У маладосці ён быў афіцэрам у войску аднаго з іспанскіх магнатаў і вёў разгульнае жыццё. У 1521 г. падчас аблогі Памплоны французскімі войскамі Ігнацый быў цяжка паранены. Падчас доўгага лячэння яму ў рукі трапіла кніга Людольфа Саксонскага «Жыццё Хрыста», якая глыбока ўразіла Ігнацыя і дапамагла зразумець усю нікчэмнасць яго існавання. Пасля выздараўлення ён пэўны час жыў у пакаянні як пустэльнік і тады напісаў свае славутыя «Духоўныя практыкаванні».

У гэты ж час у яго з’яўляецца містычны вопыт. Ён ажыццяўляе паломніцтва ў Святую Зямлю, а пасля гэтага распачынае вучобу. У 1534 г. на Манмартры ў Парыжы Ігнацый разам са сваімі аднадумцамі, сярод якіх былі св. Францішак Ксавэрый і св. Пётр Фабэр, складае вечныя шлюбы, а праз тры гады ў Італіі прымае святарскае пасвячэнне. Разам з паплечнікамі ён накіроўваецца ў Рым, каб аддаць сябе ў поўнае распараджэннне Святому Айцу.

У 1540 г. Папа Павел ІІІ зацвердзіў апрацаваную Ігнацыем канстытуцыю законнай супольнасці, і з гэтага моманту пачало існаваць Таварыства Езуса — ордэн езуітаў. Ігнацый Лаёла памёр у Рыме 31 ліпеня 1556 г. пасля пятнаццаці гадоў плённага кіравання Таварыствам, якое з цягам часу набыло надзвычай вялікае значэнне для ўсяго Касцёла, заняўшы вядучыя пазіцыі ў навуцы, выхаванні і місіянерскай дзейнасці. Святы — апякун духоўных кіраўнікоў, удзельнікаў духоўных практыкаванняў (рэкалекцый) і вайскоўцаў; ён абараняе ад нападаў д’ябла і згрызотаў сумлення.

1 жніўня (субота) - Успамін Святога Альфонса Марыі Лігуоры, біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся 27 верасня 1696 г. у прадмесці Неапаля ў Італіі. У 16-гадовым узросце атрымаў тытул доктара права і на працягу 10-ці гадоў працаваў адвакатам. Расчараваўшыся ў адвакацкай дзейнасці, вырашыў распачаць новае жыццё і ў 1726 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Напачатку Альфонс займаўся місіянерскай дзейнасцю сярод вясковага насельніцтва ў ваколіцах Неапаля. У 1732 г. заснаваў манаскую супольнасць Найсвяцейшага Адкупіцеля — ордэн рэдэмптарыстаў, мэтаю якога стала абвяшчэнне Евангелля духоўна занядбаным і бедным з дапамогаю місій і рэкалекцый.

Простыя людзі вельмі любілі і паважалі Альфонса, які быў добрым прапаведнікам і спаведнікам. У 1762 г. Папа прызначыў яго біскупам адной невялікай дыяцэзіі непадалёк ад Неапаля. Альфонс Марыя Лігуоры памёр 1 красавіка 1787 г. Сярод яго шматлікіх твораў найбольш вядомымі сталі «Маральная тэалогія» і «Homo apostolicus» («Апостальскі чалавек»). Святы з’яўляецца апекуном спаведнікаў, духоўных кіраўнікоў і тэолагаў.


На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

  • Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
  • Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.


Інтэнцыя жывога ружанца на месяц жнівень: Молімся аб цвярозасць у сем’ях нашай парафіі і ўсяго народа; аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.

25 ліпеня касцёл абыходзіць успамін святога Крыштафа, апекуна вадзіцеляў. З гэтай нагоды сёння мы асвячаем транспартныя сродкі пасля кожнай Святой Імшы.

У закрыстыі можна запісаць дзяцей на катэхезу (катэхеза распачынаецца ў 1 класе).

Жнівень – гэта месяц цвярозасці. Заклікаем вас на працягу ўсяго жніўня ўстрымацца ад ужывання алкагольных напояў. Свае абяцанні можна задэкляраваць у спецыяльнай «Кнізе цвярозасці».

У апошні тыдзень жніўня (23.08-30.08.) адбудуцца ’’Канікулы з Богам’’ для дзяцей і моладзі. Запісы ў закрыстыі. 

Кожны аўторак у капліцы а 19 гадзіне адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.  

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.