Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Дзякуем за падліванне кветкаў. Асабліва дзякуем за складзеныя ахвяры на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
29 чэрвеня (панядзелак) – УРАЧЫСТАСЦЬ СВ. ПЯТРА І СВ. ПАЎЛА, апосталаў
Святыя Імша а 7.00, 12.00 і а 19.00.
Зборы ахвяраванняў у гэты дзень прызначаюцца на патрэбы Апостальскай Сталіцы.
2 ліпеня (чацверг) – УРАЧЫСТАСЦЬ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ БУДСЛАЎСКАЙ – апякункі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі
Адпуст у парафіі нашага суседа ксяндза Францішка.
У нашай каплічцы Св. Імша толькі а 19.00.
3 ліпеня (пятніца) – Свята св. Тамаша
Святы Тамаш, празваны Дыдым (блізня), да паклікання ў супольнасць апосталаў быў рыбаком у Галілеі. Калі Езус у дзень уваскрасення з’явіўся апосталам, Тамаша сярод іх не было. Тамаш спачатку не паверыў у змёртвыхпаўстанне, а таму яго часта называюць «няверуючы Тамаш».
Падчас наступнага з’яўлення Уваскрослы Збаўца звярнуўся да Тамаша, каб той на ўласныя вочы пераканаўся, што перад ім — сам Езус, на што Тамаш усклікнуў: «Пан мой і Бог мой!» Пасля ўнебаўзяцця Хрыста апостал накіраваўся на місію ў Персію і Індыю, дзе, паводле падання, сустрэўся з трыма каралямі, ахрысціў іх і прызначыў біскупамі. Каля 72 г. прыняў мучаніцкую смерць у Індыі: быў забіты паганамі мячом або дзідаю. Лічыцца апекуном горада Рыгі, а таксама архітэктараў, будаўнікоў і геолагаў. Яго заступніцтва просяць, молячыся за шчаслівае сужэнства.
1. На гэтым тыдні прыпадае:
Першы чацвер месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай
Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса
Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі
Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.
Інтэнцыя Жывога Ружанца на ліпень: Молімся, каб нашыя парафіяне, якія не ходзяць у касцёл, сустрэлі на сваім жыццёвым шляху сапраўдных сведкаў веры і адкрылі сваё сэрца Хрысту.
2. У панядзелак 29 чэрвеня пасля св. Імшы а 8 гадзіне з Мінска вырушыць пешая пілігрымка да Будслава.
3 ліпеня ў пятніцу а 17 гадзіне вырушыць аўтобусная пілігрымка Вяртанне ў суботу пасля галоўнай св. Імшы. Збіраемся каля нашай капліцы ў 16.45.
3. З 21 па 29 верасня адбудзецца нацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю з нагоды асвячэння табліцы з марыйным гімнам «Magnificat» і гімнам «Benedictus» на беларускай мове. Зацікауленых просім звяртацца ў закрыстыю.
4. Падчас пілігрымкі (30.06 – 04.07) не будзе раняшняй Св. Імшы.
5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.