Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем за ахвяры складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.


На гэтым тыдні ў літургіі касцёла адзначаем: 

29 красавіка  (серада): СВЯТА СВ. КАЦЯРЫНЫ СІЕНСКАЙ, ПАННЫ І ДОКТАРА КАСЦЁЛА, АПЯКУНКІ ЕЎРОПЫ. 

Кацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў. 

Паводле ўласных словаў святой, яна перажыла «духоўныя заручыны» з Хрыстом. Сваім гераічным хрысціянскім жыццём, напоўненым самаахвярнай любоўю да бліжніх у імя Хрыста, яна прыцягнула да сябе шмат прыхільнікаў з усіх сацыяльных слаёў. Разам з тым з’явіліся і нядобразычліўцы, якія крытыкавалі святую за смеласць, што здавалася ім «непрыстойнаю». У 1376 г. Кацярына прыбыла ў Авіньён, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Папаў, каб пераканаць тагачаснага Папу Грыгорыя ХІ вярнуцца ў Рым. Хоць і нельга сказаць, што гэта была выключна яе заслуга, але яе намаганні, напэўна, паспрыялі вяртанню, якое адбылося ўжо праз год. 

Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Эўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства. Святая Кацярына Сіенская заслужана лічыцца найвыдатнейшай жанчынай у хрысціянстве. Яна з’яўляецца апякункай Італіі і Еўропы; яе заступніцтва просяць хворыя на чуму і тыя, хто пакутуе ад галаўных боляў.

2 мая (субота): Успамін Св. Атаназія, біскупа і доктара Касцёла.

Святы Атаназій Вялікі з’яўляецца адным з найбольш значных дзеячаў усходняга Касцёла. Ён нарадзіўся каля 298 г. у Александрыі ў Егіпце. У 328 г. ён становіцца біскупам Александрыі і разам з гэтым вышэйшым кіраўніком Касцёла ў Егіпце і Лівіі. Біскуп Атаназій рашуча абараняў правы Касцёла ад парушэння з боку цэзара і некаторых біскупаў, якія лічылі Атаназія занадта маладым для таго, каб займаць такое высокае становішча.

Ён таксама адстойваў пастановы Нікейскага Сабору (325 г.) і нястомна змагаўся з арыянскай ерассю. З-за сваёй прынцыповай пазіцыі неаднаразова высылаўся і ўвогуле правёў у выгнанні 17 гадоў. Захавалася шмат ягоных працаў, лістоў і кніг, сярод якіх і жыццяпіс славутага пустэльніка Антонія, дзе падаюцца правілы манаскага жыцця. Гэты твор пасля Бібліі быў адной з самых папулярных кніг хрысціянскай старажытнасці. Атаназій перажыў усіх сваіх нядобразычліўцаў і памёр у Александрыі 2 мая 373 г.

1. На гэтым тыдні таксама прыпадаюць:

Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса

Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі

Першая нядзеля месяца – а 12 гадзіне св. Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі.

Інтэнцыя Жывога Ружанца на май:

Молімся за дзяцей з нашай парафіі, якія ў гэтым месяцы прымуць Першую Святую Камунію, каб поўны ўдзел у Св. Імшы і з’яднанне з Хрыстом у Св. Камуніі, прынесла ў іх жыцці шматлікія плёны добрых учынкаў. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.

2. Чацвёртая велікодная нядзеля называецца Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень мы распачынаем таксама тыдзень малітваў аб святарскім і законным пакліканні да служэння ў Касцёле.

3. Праз увесь месяц май штодня у капліцы пасля вячэрняй Св. Імшы будуць адбывацца ”Маёвыя набажэнствы” да Найсвяцейшай Марыі Панны. У нядзелю пасля св. Імшы а 12 гадзіне.

4. 10 мая пасля Св. Імшы на 12:00, адбудзецца канцэрт праслаўлення, нашую парафію наведае гурт «Laudans».

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Кожную сераду запрашаем на набажэнства да св. Юзафа. 

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.