Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, якія сёння прызначаюцца на Карытас, і за ўсялякую аказаную дапамогу.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
16 сакавіка (панядзелак) – гадавіна пасвячэння Архікатэдральнага Касцёла ў Мінску, свята
17 сакавіка (аўторак) – успамін Св. Патрыка, біскупа
Святога Патрыка называюць апосталам Ірландыі. Ён нарадзіўся каля 385 – 390 гг. у рымскай Брытаніі ў сям’і вайскоўца, які пазней стаў дыяканам. Ва ўзросце 16 гадоў Патрык трапіў у палон да піратаў, якія вывезлі яго ў Ірландыю і там прадалі ў рабства. Падчас гэтага прымусовага прабывання на Зялёным Востраве ён захапіўся аскетычным жыццём і вырашыў прысвяціць свой лёс Богу. Уцёкшы праз шэсць гадоў на кантынент, Патрык стаў манахам і дапоўніў сваю адукацыю ў розных кляштарах.
Каля 432 г. быў пасвечаны ў біскупы і вярнуўся ў Ірландыю. Ён навярнуў у веру большасць мясцовых валадароў, пры падтрымцы якіх працягваў сваю місійную дзейнасць па ўсёй Ірландыі. Ён засноўваў кляштары, касцёлы і школы, а каля 440 г. сярод аднаго з язычніцкіх плямёнаў арганізаваў першае біскупства. Дзейнасць святога выклікала моцнае супраціўленне з боку язычнікаў-друідаў, а таксама з боку некаторых рыцараў, якія займаліся разбоем на Зялёным Востраве. Дата смерці святога дакладна невядомая, як невядома і месца яго пахавання. На свята Патрыка ў Ірландыі носяць на адзенні трохпялёсткавы лісток канюшыны, з дапамогаю якога святы тлумачыў язычнікам таямніцу Святой Тройцы.
19 сакавіка (чацвер) - урачыстасць св. Юзафа, Абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі
Усе звесткі пра жыццё святога мы знаходзім у Евангеллі паводле Мацвея і паводле Лукі. Нягледзячы на тое, што іх зусім няшмат, менавіта Абраннік найсвяцейшай Панны Марыі з’яўляецца адной з найбольш значных постацяў у хрысціянстве. Па прафесіі ён быў цесляром, жыў і працаваў у Назарэце і быў заручаны з Марыяй. Святы Юзаф быў абвешчаны апекуном Сусветнага Касцёла, а таксама з’яўляецца апекуном паміраючых, нарачоных і працаўнікоў.
Св. Імша – 7.00, 12.00, 19.00
Трывае навэнна да св. Юзафа, асаблівай інтэнцыяй гэтай навэнны з'яўляецца справа будовы нашага касцёла.
1. У панядзелак 16 сакавіка - спатканне з бацькамі, дзеці якіх рыхтуюцца да Першай Святой Камуніі. Спатканне адбудзецца ў 19.45.
2. У нашай капліцы ў часе посту адбываюцца пакутныя набажэнствы: Крыжовы шлях – у пятніцу а 15.00 і а 19.00; Песні Жальбы - у нядзелю пасля Св. Імшы на 12.00.
3. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага.
4. Запрашаем на парафіяльны суботнік у суботу 21 сакавіка на 10.00. У каго ёсць магчымасць, то просім узяць з сабой працоўныя прылады.
5. Сёння III нядзеля месяца, шчыра дзякуем за ахвяры на будову касцёла.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў.