Шчыра дзякуем ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Асабліва дзякуем тым, хто прыбіраў снег каля нашай капліцы. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
У літургіі адзначаем:
2 лютага (панядзелак): Свята Ахвяраване Пана.
Успамінаецца дзень, калі прынеслі Езуса ў святыню, каб выканаць прадпісанне Старага Запавету. Свята спаткання Хрыста з сваім народам адзначалася ў Ерузаліме з 5 веку, а ў 7 веку было прынята на Захадзе. Гэтым святам акончваюцца урачыстасці, звязаныя з аб’яўленнем свету Слова Уцелаўлёнага.
Згодна са старадаўняй традыцыяй у свята Ахвяравання Пана благаслаўляюцца свечкі, так званыя грамніцы, якія запальваюцца падчас буры (грому) з малітваю аб апецы і абароне.
Св. Імша а 7.00, 12.00 і 19.00.
3 лютага (аўторак): Успамін Святога Блажэя, біскупа і мучаніка.
Святы Блажэй быў біскупам у Сэдасце, у Арменіі. Пасля цяжкіх мукаў быў забіты прыблізна ў 316 годзе. Ушаноўваецца як патрон у хваробах горла.
У дзень святога Блажэя молімся і просім Бога аб здаровым горле і божым выкарыстанні дару голасу. Пасля Імшы адбудзецца благаслаўленне горла.
5 лютага (чацверг): Успамін Святой Агаты, панны і мучаніцы.
Святая Агата (235-251) пасля прыняцця хросту пастанавіла жыць у чыстасці. Паводле падання адмовіла наместніку Сыцыліі, які прасіў яе рукі, чым абудзіла нянавісць і жаданне помсты рымскага намесніка. Прыняла мучаніцкую смерць у Катаніі. Яе культ распаўсюдзіўся ва ўсім Касцёле.
У дзень успаміну св. Агаты благаслаўляецца хлеб і вада. У малітве асвячэння прыпамінаецца, што св. Агата з’яўляецца асабліваю заступніцаю і апякункаю у небяспецы пажару.
6 лютага (пятніца): Успамін Святога Паўла Мікі і паплечнікаў, мучаннікаў.
Святога Паўла Мікі, японскага іезуіта, і яго 25 таварышаў укрыжавалі 5 лютага 1597 года ў Нагасакі. Яны з’яўляюцца прадстаўнікамі ўсіх хрысціянаў Далёкага Ўсходу, якія панеслі смерць за веру.
1. Працягваем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду, кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Карткі ляжаць на паліцы пры ўваходзе да капліцы. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім.
Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць і за ахвяры.
2. На гэтым тыдні прыпадае Першы чацверг месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай, Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса і Першая субота месяца – дзень малітваў да Найсвяцейшай Панны Марыі.
3. У закрыстыі можна набыць свечы (кошт 10 тыс).
4. Інтэнцыя жывога ружанца на месяц люты: Каб публічнае вызнанне веры і малітва былі для вернікаў крыніцай жыцця. Аб апецы Маці Божай у справе будовы нашага касцёла.
5. Катэхеза для моладзі кожную сераду, а 20.00 гадзіне.
6. Хлопцаў зацікаўленых службай пры алтары Божым, запрашаем далучыцца да супольнасці міністрантаў.
7. Да капліцы можна прыносіць, асвячэную ў мінулым годзе, вярбу каб спаліць яе і прыгатаваць попел, якім будуць пасыпаны нашыя голавы на пачатак Вялікага Посту ў гэтым годзе.
8. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх ласкаў Божых.

