Шчыра дзякуем усім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.
У літургіі адзначаем:
21 студзеня – серада, успамін св. Агнешкі, панны і мучаніцы
Была зусім маладой дзяўчынай, калі ў другой палове ІІІ ст. прыняла ў Рыме мучаніцкую смерць за веру, прагнучы захаваць чыстасць. Папа Дамас ушанаваў яе песняй, а многія Айцы Касцёла праслаўлялі яе як прыклад хрысціянскіх цнотаў. Паводле старажытнага звычаю, у гэты дзень Папа пасвячае двух ягнятаў (agnus лац. — ягнё), з воўны якіх робіцца палій — знак улады арцыбіскупа.
24 студзеня – субота, успамін св. Францішка Сальскага, біскупа і доктара Касцёла
Жыў у 1567 – 1622 гг., быў біскупам Жэневы. З’яўляецца аўтарам вядомай кнігі «Філатэя, або шлях да рэлігійнага жыцця». Заахвочваў свецкіх людзей да святасці, а таксама актыўна палемізаваў з кальвіністамі, спрыяючы адраджэнню каталіцтва ў сваёй айчыне. Захавалася каля 2100 яго лістоў, што сваім тэалагічна-аскетычным зместам уяўляюць вялікую каштоўнасць.
Разам са св. Жаннай Франсуазай дэ Шанталь заснаваў жаночы закон Адведзінаў НПМ. Памёр у Ліёне, быў пахаваны ў касцёле Наведзінаў НПМ у Анэсі. Св. Францішак быў папярэднікам сучаснага душпастырства і стварыў новую школу духоўнасці. У 1923 г. Папа Пій ХІ абвясціў святога апекуном каталіцкай прэсы.
1. Працягваем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду, кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Карткі ляжаць на паліцы пры ўваходзе да капліцы. Перад тым, як прыйсці да вас, мы патэлефануем і папярэдзім.
Падрыхтавацца да гэтага візіту належыць наступным чынам:
• Пажадана (па меры магчымасці), каб уся сям’я была дома.
• У адпаведным пакоі павінен быць падрыхтаваны стол на якім будзе стаяць крыж альбо абраз, запаленая свечка, а таксама асвечаная вада.
• У часе візіту належыць выключыць тэлевізар, кампутар і іншыя аўдыё і відэа прылады.
Адразу хочам вам падзякаваць за магчымасць наведаць вашыя памяшканні, за сведчанне веры, за адкрытасць і за ахвяры.
2. З сённяшняга дня па 25 студзеня ў хрысціянскіх Цэрквах пройдзе Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян.
3. У наступную нядзелю 25 студзеня, нашу парафію наведае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі aрцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Ксёндз арцыбіскуп узначаліць Святую Імшу а 12.00 гадзіне.
4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага.
5. Распачынаецца катэхеза для моладзі. Першая сустрэча адбудзецца ў сераду 21 студзеня а 20.00 гадзіне.
Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх ласкаў Божых.