Шчыра дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

У аўторак  6 студзеня — урачыстасць Аб’яўлення Пана (Тры Каралі) – абавязковы ўдзел у літургіі. У гэты дзень узгадваем евангельскую падзею пра тое, як тры каралі (мудрацы) пакланіліся Хрысту і склалі яму ў дар золата, ладан і міру.

З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння крэйды і кадзіла. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў: Каспер, Мельхiёр i Бальтазар. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» («Christus mansionem benedicat»).

Дадатковая Св. Імша а 12.00 гадзіне. Пасля Святой Імшы а 19.00 гадзіне адбудзецца “парафіяльнае калядаванне”. Усе разам заспяваем калядныя спевы. Запрашаю да удзелу сем’і нашай парафіі.

У наступную нядзелю 11 студзеня Касцёл адзначае свята Хросту Пана, якім па традыцыі завяршаецца перыяд Божага Нараджэння. Згодна з традыцыяй, у гэта свята асвячаецца вада.

1. Ад 8 студзеня распачынаем Каляду – душпастырскія наведванні парафіянаў. На працягу гэтага перыяду, кожная сям’я, якая жадае прыняць святара ў сваім доме, можа падаць картку з адрасам. Карткі ляжаць на паліцы пры ўваходзе да капліцы. Перад тым, як прыйсці да вас, я патэлефаную і папярэджу. 

Падрыхтавацца да гэтага візіту належыць наступным чынам:

• Пажадана (па меры магчымасці), каб уся сям’я была дома.

• У адпаведным пакоі павінен быць падрыхтаваны стол на якім будзе стаяць крыж альбо абраз, запаленая свечка, а таксама асвечаная вада.

• У часе візіту належыць выключыць тэлевізар, кампутар і іншыя аўдыё і відэа прылады.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага.

Усім Юбілятам і Імяніннікам надыходзячага тыдня, складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх ласкаў Божых. 


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.