Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Асабліва дзякуем Механікавай Аксане за дапамогу ў парадкаванні кветак вакол капліцы і Віталію Палінеўскаму за правядзенне майстар-класа па фатагрфіі. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
17 лістапада (панядзелак): успамін: Святй Альжбеты Венгерскай, законніцы
Святая Альжбета нарадзілася каля 1293 г. у сучасным Будапешце і была дачкою венгерскага караля Андрэя ІІІ. Бацькі жадалі, каб Альжбета выйшла замуж за Вацлава Чэшскага, аднак яна не пажадала заключыць гэтага дынастычнага шлюбу, уцякла з каралеўскага двара і каля 1310 г. уступіла ў кляштар дамініканак у Швейцарыі.
Альжбета гераічна пераносіла шматлікія цярпенні і таму яшчэ пры жыцці здабыла сабе славу святой. Памерла яна 6 мая 1338 г. і была пахаваная каля галоўнага алтара касцёла ў сваім кляштары. Са смерцю Альжбеты скончылася дынастыя святога Стэфана І Венгерскага.
21 лістапада (пятніца): успамін Ахвяравання НПМ.
Паводле паданняў, якія бяруць пачатак у апокрыфах, Марыю ў дзяцінстве аддалі ў ерузалемскую святыню, дзе яна і выхоўвалася. Гэтае свята адзначалася на Усходзе ўжо ў VII стагоддзі ў гадавіну пасвячэння касцёла Маці Божай у Ерузалеме. У XI стагоддзі свята было прынята Заходнім Касцёлам. Сёння Касцёл успамінае перш за ўсё Ахвяру, якая адбылася ў душы Марыі ў пачатку Яе свядомага жыцця. Марыя зяўляецца для ўсіх прыкладам жыцця, прысвечанага Богу.
22 лістапада (субота) успамін: Святой Цэцыліі, панны і мучаніцы
Цэцылія – адна з самых славутых мучаніц Рымскага Касцёла. Цяжка, аднак, у апісанні яе пакутаў адрозніць гістарычныя факты ад легендавых дадаткаў, якія сведчаць аб папулярнасці Святой. Паводле легенды, нягледзячы на дадзены ёю зарок чысціні, яе прымусілі да замужжа з язычнікам Валяр’янам. Аднак Пан цудоўна збярог яе дзявочасць. Святая дзева навярнула мужа і яго брата Тыбурцыя да Хрыста і разам з імі загінула пакутніцкай Смерцю праз адсячэнне галавы. Цела святой Цэцыліі было знойдзена ў катакомбах у 822 годзе і перанесена ў прысвечаную ёй базыліку за Тыбрам. Імя Святой Цэцыліі ўпамінаецца ў Рымскім Каноне. Яна – заступніца касцельнай музыкі.
1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.
2. У кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада перад вячэрняй Святой Імшой адбываецца набажэнства за памерлых: у 18.30 – Нешпары, выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці.
3. Рэпетыцыя моладзевага гурта, у чацверг а 18.00 гадзіне. Рэпетыцыя дзіцячага хору, у суботу а 13.00 гадзіне
4. Запрашаем моладзь на нядзельную св. Імшу а 18.00 гадзіне.
5. 23 лістапада (нядзеля): Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету. Зборы ахвяраванняў у гэты дзень прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.

