Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Дзякую параф’яльнаму хору за дапамогу ў літургіі за памерлых. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
4 лістапада (аўторак) – успамін св. Карла Барамея, біскупа.
Нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 г. на поўначы Італіі ў сям’і графа Барамео. У 14 гадоў распачаў вывучаць права ў Падуанскім універсітэце і пасля заканчэння вучобы атрымаў ступень доктара. Калі дзядзька Караля кардынал Медычы быў абраны Папам Піем IV, ён прызначыў свайго 22-гадовага пляменніка кардыналам-дыяканам і сваёю даверанаю асобаю, а таксама даручыў яго апецы Міланскую архідыяцэзію.
У той час Караль не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага пасвячэння. Святаром ён стаў толькі праз 4 гады, і пазней быў афіцыйна пасвечаны ў біскупы. У 1566 г. Караль нарэшце перабраўся ў сваю дыяцэзію са сталіцай у Мілане. На працягу двух наступных дзесяцігоддзяў ён разгарнуў актыўную дзейнасць і набыў вялікі аўтарытэт у вачах духавенства і епіскапату. Караль Барамэй аддаваў усе свае сілы, узнімаючы дыяцэзію з заняпаду і ажыўляючы рэлігійнасць вернікаў: засноўваў духоўныя семінарыі, праводзіў шматлікія сіноды, падтрымліваў місіянерскую дзейнасць кляштараў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе.
Адзін з першых ён увёў у сваёй дыяцэзіі рэформы Трыдэнцкага Сабору, даўшы прыклад разважлівага іх прымянення іншым іерархам. Знясілены самаахвярным служэннем, памёр 3 лістапада 1584 г. у Мілане, маючы толькі 46 гадоў. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Караль Барамэй быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга дня. Святы з’яўляецца апекуном душпастыраў і семінарыстаў, у яго просяць паратунку ад заразы. Таварыства імя св. Караля Барамэя займаецца распаўсюджваннем рэлігійнай літаратуры.
1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.
2. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы да 8 лістапада кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых) за якіх молімся. У гэтыя дні будзе адпраўляцца Святая Імша ў інтэнцыі памерлых, якіх вы падалі ў выпамінках.
Таксама і ў іншыя дні, па-за актаваю, кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве.
Вернікі, якія падчас актавы з 1 па 8 лістапада наведаюць могілкі могуць атрымаць поўнае дараванне грахоў (дараванне Богам часовых караў на зямлі і ў чысцы), якое можа быць ахвяравана толькі за памерлых. Атрымаць можна толькі адзін адпуст напрацягу дня пры звычайных умовах: быць у стане асвячальнай ласкі (прыступіць да Споведзі ў гэты самы дзень альбо лепш раней), адгаварыць малітвы Ойча наш…, Веру у Бога…, малітву у інтэнцыі Святога Айца, і прыняць Святую Камунію.
3. Сёння запрашаем да супольнай малітвы на могілках на вул. Масюкоўшчына. Збіраемся каля ўваходу ў 15.00 гадзін.
4. На гэтым тыдні прыпадае таксама Першы чацверг месяца – дзень малітваў аб пакліканнях да службы Божай і Першая пятніца месяца – дзень малітваў да Сэрца Пана Езуса.
5. Запрашаем усіх зацікаўленых дзяцей да дзіцячага хору, рэпетыцыя у суботу а 13.00 гадзіне.
6. Прыпамінаем, што пры парафіі адбываюцца заняткі па рэлігіі, для дзяцей усіх узростаў.
7. Запрашаем моладзь на нядзельную св. Імшу а 18.00 гадзіне.
8. Ад панядзелку да пятніцы таксама запрашаем на Св. Імшу а 7:00 гадзіне раніцы.