Дзякуем усім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне і ўпрыгожванне капліцы. Асабліва дзякуем тым, хто прыняў удзел у прыбіранні тэрыторыі вакол нашай каплічкі. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
28 кастрычніка (аўторак) Успамін Святых Сымона і Юды, Апосталаў
Святы Сымон меў мянушку Зэлёта – Самаахвярнік з–за самаахвярнага выканання Закону Майсея. Святы Юда – Тадэвуш, брат Якуба Малодшага, быў сваяком Езуса Хрыста. Ён – аўтар паслання, унесенага ў кнігу Новага Запавету. Вернікі звяртаюцца да яго, як да заступніка ў безнадзейных справах.
У гэты дзень абыходзіць свае імяніны наш арцыпастыр арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Памятаем аб ім ў нашай малітве.
1 лістапада (субота): УРАЧЫСТАСЦЬ УСІХ СВЯТЫХ
У гэты дзень Касцёл аддае пашану ўсім, хто ўжо ўвайшоў у славу нябесную, а верным, што пілігрымуюць па зямлі, ён паказвае дарогу, якая давяла іхніх старэйшых братоў да святасці. Касцёл напамінае нам таксама праўду аб нашай супольнасці са Святымі, якія атуляюць нас апекай.
Святые Імшы 1 лістапада ў 8.00, 12.00 і 19.00.
2 лістапада (нядзеля): УСПАМІН УСІХ ПАМЕРЛЫХ ВЕРНІКАЎ
Ушанаваўшы трыумф тых верных, якія ўжо ўвайшлі на неба, Касцёл успамінае ўсіх, хто ў чыстцы каецца за свае грахі. Каб ім дапамагчы, Касцёл прадстаўляе Пану Богу малітвы і дараванне грахоў, атрыманае праз жывых, перш за ўсё праз Ахвяру Хрыста, якая прысутнічае ў Святой Імшы. Успамін усіх памерлых вернікаў увёў абат бенедыктынаў у Клюні святы Адылон у 998 годзе. Вельмі хутка гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле. У 1915 годзе ў час Першай сусветнай вайны Папа Бенедыкт XV па просьбе абата – прымаса бенедыктынаў дазволіў святарам усяго Касцёла адпраўляць у гэты дзень тры Святыя Імшы. Адну ахвяруюць паводле ўласнога выбару, другую – за ўсіх памерлых вернікаў, а трэцюю паводле інтэнцыі Папы.
Парадак набажэнстваў 2 лістапада:
8.00 – Святая Імша;
10.30 – Святая Імша;
12.00 – Святая Імша;
15.00 – набажэнства за памерлых на могілках ў Масюкоўшчыне;
18.00 – Святая Імша.
1. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.
2. Запрашаем усіх на ружанцовае набажэнства і супольную малітву праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі. У звычайныя дні пасля святой Імшы ў вечары – прыкладна а 19:30 і ў нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне – прыкладна а 13 гадзіне. Дзяцей і моладзь асабліва запрашаем ў сераду і ў пятніцу.
3. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы пачынаючы з дня 1 лістапада праз 8 дзён (актава) да 8 лістапада кожны дзень 30 хвілін перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых) за якіх молімся. У гэтыя дні будзе адпраўляцца Святая Імша ў інтэнцыі памерлых, якіх вы падалі ў выпамінках.
Таксама і ў іншыя дні, па-за актаваю, кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве. У закрыстыю можна прыносіць запіскі з пададзенымі імёнамі вашых родных, блізкіх, знаёмых памерлых.
Вернікі, якія падчас актавы з 1 па 8 лістапада наведаюць могілкі могуць атрымаць поўнае дараванне грахоў (дараванне Богам часовых караў на зямлі і ў чысцы), якое можа быць ахвяравана толькі за памерлых. Атрымаць можна толькі адзін адпуст напрацягу дня пры звычайных умовах: быць у стане асвячальнай ласкі (прыступіць да Споведзі ў гэты самы дзень альбо лепш раней), адгаварыць малітвы Ойча наш…, Веру у Бога…, малітву у інтэнцыі Святога Айца, і прыняць Святую Камунію.
Хто ў дзень 2 лістапада мае магчымасць і не выяжджае на могілкі сваіх родных, запрашаем да супольнай малітвы на могілках на вул. Масюкоўшчына. Збіраемся каля ўваходу ў 15.00 гадзін.
4. На гэтым тыдні прыпадае таксама Першая субота – дзень малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі. Першая недзеля месяца.
5. У нашай парафіі плануем стварыць дзіцячы і моладзевы музычны гурт таму запрашаем усіх зацікаўленых: музыкантаў і творчых людзей.
6. Ад лістапада у раскладзе набажэнстваў у нашай парафіі адбудуцца пэўныя змены: а) у нядзелю а 8:00 гадзіне Св. Імша будзе адпраўляцца на польскай мове; б) ад панядзелку да пятніцы дадаем яшчэ адну Св. Імшу а 7:00 гадзіне раніцы.
7. Пачынаючы ад наступнай нядзелі 2 лістапада пераходзім на зімні перыяд дзейнасці нашай капліцы. Гэта значыць, што у нядзелю святая Імша а 19 гадзіне пераносіцца на 18 гадзіну.
8. У наступную нядзелю, а 12 гадзіне святая Імша ў інтэнцыі ўсіх членаў нашых ружаў Жывога Ружанца.
9. Запрашаем запісацца да такой формы малітвы, як маргарыткa (малітоўная група ў інтэнцыі святароў). Маргарытка - рух штодённай малітвы за канкрэтнага святара або законную асобу. Збіраецца 7 чалавек (на 7 дзён тыдня). Кожны з іх выбірае тую форму малітвы, якая яму бліжэй, і выбірае дзень, у які будзе маліцца за вызначанага святара/законніка.
10. У сувязі з канікуламі на працягу ўсяго тыдня, у дзяцей не будзе адбывацца катэхеза.
11. Запрашаем усіх дзяцей у наступную нядзелю на св. Імшу на 10.30 каб падсумаваць конкурс на найпрыгажэйшы ружанец.
12. Інтэнцыя жывога ружанца на лістапад: За памерлых пакутуючых у чысцы, каб як мага хутчэй атрымалі магчымасць сузірання Божага аблічча ў небе.