• Шчыры дзякую ўсім за супольную малітву і вашыя ахвяры. Асаблівым чынам дзякую за падрыхтаванне нашай капліцы да надзельнай святой Імшы, за прыбіранне і ўпрыгожванне. Дзякую ўсім тым, хто ахвяраваў кветкі да нашай капліцы.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:


1 верасня (панядзелак) Cвяты Грыгорый Вялікі, папа і доктар Касцёла

Нарадзіўся ў Рыме ў 540 г. у знакамітай сенатарскай сям’і і ва ўзросце 32 гадоў стаў прэфектам Вечнага Горада. Праз нейкі час ён пакінуў пасаду і ўступіў у кляштар, заснаваны ў яго радавым палацы. У саракагадовым узросце прыняў пасвячэнне дыяканату з рук Папы Пелагія ІІ і на працягу сямі гадоў выконваў абавязкі нунцыя пры двары цэзара ў Канстанцінопалі. У 590 г. Грыгорый быў выбраны Папам. Падчас яго пантыфікату да Касцёла былі далучаныя тры вялікія народы: прынялі хрысціянства англічане, а таксама былі навернутыя з арыянскай ерасі лангабарды і іспанцы.

Грыгорый выкарыстоўваў касцёльныя сродкі на дабрачынную дзейнасць. Яго асаблівы клопат пра сацыяльныя справы стаў характэрнаю рысаю яго душпастырства і прыкладам для ўсіх наступных Папаў. Грыгорый напісаў шмат тэалагічных працаў, а яго Маральная тэалогія паўплывала на ўсю эпоху Сярэднявечча. Некаторыя гаміліі Грыгорыя ўвайшлі і ў сучасны брэвіярый. Грыгорый І памёр 12 сакавіка 604 г. у Рыме і быў пахаваны ў базыліцы св. Пятра. За ім замацавалася слава дасканалага пантыфіка, а таксама найменне «Вялікі», якое далі яму нашчадкі. Святы Грыгорый Вялікі з’яўляецца адным з чатырох заходніх Айцоў Касцёла і лічыцца апекуном музыкантаў, спевакоў і харыстаў, а таксама касцёльных школаў.

• На гэтым тыдні абыходзім першы чацверг, пятніцу, суботу і нядзелю месяца. Падчас якіх у чацверг молімся ў інтенцыі пакліканя да святарскага і законнага жыцця, а ў пятніцу молімся да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. У суботу молімся праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі. Памятаем таксама аб тым, што ў першую пятніцу месяца заўсёды ёсць магчымасць прыступіць да Сакрамэнту паяднання (Споведзь).

• У закрыстыі можна запісаць дзяцей на заняткі па рэлігіі – на катэхэзу.

• Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.

• Інтэнцыя Жывога Ружанца – Молімся за дзяцей і моладзь з нашых сем’яў, каб час навукі ў школе паспрыяў іх асабістаму інтэлектуальнаму і духоваму развіццю.

• У наступную нядзелю святая Імша а 12 гадзіне будзе адбывацца ў інтэнцыі ўсіх членаў жывога ружанца. Сардэчна запрашаю на яе.

• У наступную нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне прыкладна каля 13 гадзіны  запрашаю ўсіх жадаючых на прагляд  фільма: “Письма отцу Якобу”. 

• У наступную нядзелю зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.