Шчыра дзякую вам усім за вашую прысутнасць, малітву і ахвярнасць. Няхай добры Бог благаславіць вам. Асаблівым чынам дзякую ўсім, хто прыбіраў нашую святыню, прыгатаўлівал яе і ўпрыгожывал.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
20 жніўня (серада) Успамін св. Бэрнарда, абата і доктара Касцёла
Нарадзіўся ў 1090 г. у Бургундыі (Францыя). У 1112 г. разам з чатырма з пяці сваіх братоў і яшчэ трыццацю паплечнікамі распачаў манаскае жыццё ў цыстэрцыянскім кляштары ў Сіто. Дзякуючы яму гэтая манаская супольнасць стала вельмі хутка развівацца, і праз тры гады Бэрнард узначаліў заснаваны ім кляштар у Клерво. Бэрнард меў сувязі з многімі выдатнымі асобамі таго часу, сярод якіх былі Папы і каралі, і набыў вядомасць як цудоўны прапаведнік, што заклікаў да крыжовых паходаў.
Усяго ён заснаваў 69 цыстэрцыянскіх фундацый і, ведучы аскетычнае манаскае жыццё, адмаўляўся ад любых пасадаў, якія яму прапаноўвалі. Бэрнард, у жыцці якога было нямала фізічных і духоўных пакутаў, шмат падарожнічаў па розных краінах. Ён памёр 20 жніўня 1153 г. у Клерво, дзе і быў пахаваны. Бэрнард, які з’яўляецца адным з заснавальнікаў ордэна цыстэрцыянцаў, сваім жыццём увасобіў ідэал манаха і быў адной з самых яркіх постацяў Касцёла ў Сярэднявеччы. Заступніцтва святога Бэрнарда Клервоскага просяць пры дзіцячых хваробах, пры хваробах жывёлы, падчас бураў і навальніцаў, а таксама ў хвіліну смерці. Святы лічыцца апекуном пчаляроў і пчолаў.
21 жніўня (чацверг) Успамін св. Пія X, папы
Джузепе Сарто, будучы Папа Пій Х, нарадзіўся 2 чэрвеня 1835 г. на поўначы Італіі ў беднай сям’і. Ён прыняў святарскае пасвячэнне і ў 1884 г. стаў біскупам Мантуі, а праз адзінаццаць гадоў — патрыярхам Венецыі і кардыналам. 4 жніўня 1903 г. ён быў абраны Папам і з самага пачатку свайго пантыфікату праявіў сябе як душпастыр і рэфарматар: выступаў за тое, каб дзеці прымалі Першую святую Камунію як мага раней, падтрымліваў часты ўдзел у Эўхарыстыі, рэфармаваў рэлігійнае жыццё духавенства і вернікаў, паспрыяў паляпшэнню падрыхтоўкі святароў, аднавіў грыгарыянскі харал, Рымскі Імшал, Брэвіярый і каляндар.
Дэвізам пантыфікату Пія Х былі словы: «Аднавіць усё ў Хрысце» (Эф 1, 10). Папа займаў актыўную пазіцыю ў тагачасным палітычным жыцці і адыгрываў у ім далёка не апошнюю ролю. Калі Пію Х не ўдалося прадухіліць пачатку Першай сусветнай вайны, ён гэта вельмі цяжка перажыў і звярнуўся да ўсіх католікаў свету са спецыяльным пасланнем, у якім падкрэсліваў, што Хрыстус з’яўляецца «Князем супакою». Пій Х памёр праз некалькі дзён пасля пачатку вайны, якую ён прадбачыў, і яго назвалі «першай яе ахвярай». Ён быў пахаваны ў базыліцы святога Пятра ў Рыме. На месцы яго пахавання адбылося шмат цудаў.
22 жніўня (пятніца) Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы.
Марыя з’яўляецца Маці Хрыста, Валадарства Якога трывае вечна. Таму хрысціянскі люд здаўна ўшаноўвае яе, як Каралеву і аздабляе каронамі яе выявы.
• 18 жніўня а 18.30 у Мінскай Архікатэдре святую Імшу ў інтэнцыі ўсіх хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу ў Іраку ўзначаліць Апостальскі Нунцый у Беларусі Арцыбіскуп Клашдыё Гуджэроцці.
• Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на 56-м пленарным пасяджэнні прыняла рашэнне аб правядзенні ў Беларусі, у межах Года малітвы, Кангрэсу, прысвечанага Ружанцу. Кангрэс адбудзецца ў кастрычніку 2014 года ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі. Мерапрыемствы Кангрэсу ў нашай архідыяцэзіі адбудуцца 4-5 кастрычніка ў Архікатэдры і Касцёле Святых Сымона і Алены. На гэтае мерапрыемства запрашаюцца прадстаўнікі ўсіх ружанцовых колаў нашай архідыяцэзіі. Расклад кангрэсу вывешанны на табліцы аб’яў.

