Шчыры дзякую ўсім за супольную малітву і вашыя ахвяры. Дзякую ўсім тым, хто ў гэты спякотны час не пазаставаўся абыякавы да лёсу нашых кветак і клапаціўся аб тым каб яны былі паліты.

30 ліпеня ў сераду, мы, як бачна, пафарбавалі знешне нашую капліцу, з гэтай нагоды хацеў бы падзякаваць усім тым, хто працаваў пры гэтым. Перш за ўсё шаноўным: пану Віталію Маісееву і Міхалу Яроцкаму. Яны, увесь дзень, у сонцапёке фарбавалі нашую капліцу. Дзякую пану Віктару Жаку за яго дапамогу, а асабліва хацеў бы падзякаваць, нашым меншым парафіянам. Анне Лукомскай, Марце і Маше Маісеевым.  Дзякую таксама Надзеі Яроцкай, якая далучылася да нас і дапамагала пры прыгатаванні дрэва. Дзякую моладзі, Уладзіміру Лукомскаму і Уладыславу Лянкоўскаму, якія чысцілі капліцу і фарбавалі дзверы да капліцы.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

4 жніўня (панядзелак) Успамін Святога Яна Марыя Віянэя, святара

Нарадзіўся 8 мая 1786 г. у сям’і бедных французскіх сялянаў. Яго маладосць праходзіла ў гады французскай рэвалюцыі, калі Касцёл у Францыі пакутаваў ад жорсткага пераследу, але Ян патаемна наведваў заняткі па рэлігіі і прыняў першую святую Камунію. Спачатку яго жаданне стаць святаром не магло здзейсніцца з-за малых поспехаў у вучобе. З вялікімі цяжкасцямі Яну Віянэю ўдалося атрымаць святарскае пасвячэнне, і ён быў прызначаны пробашчам у Арс непадалёк ад Ліёна. Сваім адданым служэннем ён пераадолеў рэлігійную абыякавасць мясцовых жыхароў і стварыў квітнеючую парафіяльную супольнасць. Ян Марыя засноўваў школы, таварыствы, дзіцячыя дамы і цалкам прысвячаў сябе душпастырскай працы. Ён мала спаў, амаль нічога не еў, увесь дзень праводзіў у касцёле і спавядаў да позняй ночы. У Арс прыязджала ўсё больш людзей, якія хацелі атрымаць ад яго тую ці іншую параду. Ян Віянэй памёр 4 жніўня 1859 г. Яго цела спачывае ў базыліцы, пабудаванай над старым касцёлам у Арсе. Святы з’яўляецца апекуном пробашчаў

6 жніўня (сераду) Свята Перамянення Пана.

8 жніўня (пятніцу) Успамін Святога Дамініка, святара

Дамінік (Дамінго Гусман) нарадзіўся ў Іспаніі каля 1170 г. Атрымаўшы святарскае пасвячэнне, ён разам са сваім сябрам біскупам Дыего дэ Асэвэдо падарожнічаў па Еўропе. На Поўдні Францыі яго ўразілі сумныя наступствы распаўсюджаных у той час ерасяў альбігойцаў і вальдэнсаў. Дамінік вырашае прысвяціць сябе місіянерскай дзейнасці і сведчыць аб сапраўдным Касцёле Хрыстовым.

За некалькі гадоў плённай працы Дамініку ўдаецца навярнуць шмат падманутых ератыкамі людзей, і вакол яго збіраецца кола аднадумцаў. У 1215 г. яны стварылі жабрачы закон вандроўных прапаведнікаў — дамініканцаў, які ўжо праз год быў зацверджаны Папам. Асноўнымі прынцыпамі дзейнасці закона сталі ўбоства і навука, скіраваная на абарону чысціні веры Касцёла. Дамінік стварыў таксама жаночую супольнасць закону (дамініканкі) у Пруйлі (Францыя). Дамінік памёр 6 жніўня 1221 г. у Балоньі і быў там пахаваны. Святы з’яўляецца апекуном краўцоў. Яго заступніцтва просяць ад граду і гарачкі. 

9 жніўня (суботу) Свята Святой Тэрэзы Бэнэдыкты ад Крыжа (Эдыта Штайн), панны і мучаніцы, апякункі Еўропы

Эдыта Штайн нарадзілася 12 кастрычніка 1891 г. у жыдоўскай сям’і ў Вроцлаве. Яе бацька памёр, калі Эдыце было толькі два гады. Маці выхоўвала дзевяцерых дзяцей у жыдоўскай традыцыі, але ў 14 гадоў Эдыта лічыла сябе атэісткай. Атрымаўшы атэстат сталасці, яна паступіла ва універсітэт і пачала вывучаць філасофію. Пасля абароны дысертацыі Эдыта працавала ў Фрыбургу асістэнткай вядомага фенаменолага Эдмунда Гусерля. 

Аднойчы яна была моцна ўражана незвычайным даверам да Бога адной жанчыны, муж якой загінуў на вайне, і тады ў Эдыты абудзілася цікавасць да хрысціянства. Зрабіць канчатковы выбар на карысць Хрыста ёй дапамог жыццяпіс св. Тэрэзы Авільскай, прачытаўшы які, Эдыта Штайн ва ўзросце 31 года вырашыла прыняць хрост, хоць гэта і выклікала асуджэнне з боку родных. У 1934 г. яна ўступіла ў ордэн кармелітак у Кёльне, нягледзячы на пачуццё віны перад маці, якая намагалася стрымаць яе ад гэтага кроку. Эдыта прыняла ў ордэне імя Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа. 

Пасля смерці маці па прыкладзе Эдыты яе сястра Ружа таксама ахрысцілася і ўступіла ў кляштар. Калі нацысты пачалі барацьбу за «расавую чысціню», Эдыта з сястрою перабраліся ў кармеліцкі кляштар у Галандыю, каб не ствараць праблемаў для сясцёр у Кёльне, але і там неўзабаве пачалася «чыстка». Сясцёр Штайн арышта- валі і адправілі ў Асвенцім, дзе яны і загінулі ў газавай камеры 9 жніўня 1942 г. Кармелітка, філосаф і мучаніца Эдыта Штайн была ў 1998 г. кананізаваная Папам Янам Паўлам ІІ, які абвясціў яе апякункаю Еўропы.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.