Дзякую ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы. Асаблівым чынам хацеў бы падзякаваць сям’е Лянкоўскіх за дапамогу пры прыбіранне і парадкаванні каля капліцы. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

З панядзелка распачынаецца зычайны перыяд літургічны.


11 чэрвеня (серада) Успамін св. Барнабы, Апостала.
Імя Барнаба ў перакладзе азначае «сын суцяшэння». Ён нарадзіўся на пачатку І ст. на Кіпры і быў адным з 72 вучняў Езуса. У кнізе Дзеяў Апосталаў пра яго сказана, што ён прадаў усё, што меў, а выручаныя грошы ахвяраваў апосталам. У 37 годзе ён увёў Паўла ў супольнасць апосталаў, а потым быў яго спадарожнікам і блізкім супрацоўнікам у справе абвяшчэння Евангелля падчас першага місіянерскага падарожжа Апостала народаў.
У 51 г. браў удзел у Саборы апосталаў у Ерузалеме. Пазней Барнаба абвяшчаў Евангелле на сваёй радзіме — на Кіпры, дзе ў 61 годзе быў укаменаваны мясцовымі жыдамі. Святога Барнабу называюць «Апосталам Кіпра» і просяць у яго абароны ад сварак, ад смутку і ад граду.

13 чэрвеня (пятніца) Успамін св. Антонія Падуанскага, святара і доктара Касцёла
У нашай капліцы св. Імшы а 12 і а 19 гадзіне.
Нарадзіўся ў 1195 г. у Лісабоне (Партугалія) і на хросце атрымаў імя Фернандо. Ва ўзросце 15 гадоў уступіў у ордэн аўгустынцаў-эрэмітаў у Каімбры і там прыняў святарскае пасвячэнне. Моцна ўражаны мучаніцтвам пяці францішканцаў, забітых мусульманамі, вырашае сам стаць францішканцам. Уступіўшы ў закон Меншых Братоў, прыняў імя Антоній. Спачатку ён выехаў на місію ў Марока, але з-за слабога здароўя мусіў неўзабаве вярнуцца.
Па дарозе дадому ў выніку караблекрушэння застаўся ў Італіі. Там у Антонія выявіліся вялікія прамоўніцкія здольнасці, і яго накіравалі ў Паўночную Італію, дзе дзякуючы сваім казанням ён хутка стаў папулярным. Аднойчы паслухаць яго сабралася каля 30 тысяч чалавек! Пэўны час святы правёў у Францыі, а пасля вяртання ў Італію пасяліўся ў Падуі. Святы Францішак прызначыў яго першым настаўнікам тэалогіі для Меншых Братоў, настаўнікам францішканцаў.
Антоній памёр 13 чэрвеня 1231 г. і менш чым праз год быў кананізаваны. Рэліквіі святога Антонія знаходзяцца ў прысвечанай яму базыліцы ў Падуі, дзе адбываецца так шмат цудаў, што святы Бонавентура нават аднойчы сказаў: «Калі шукаеш цудаў, ідзі да Антонія». Святы быў абвешчаны доктарам Касцёла (doctor evangelicus — евангельскі доктар). Антоній — адзін з найбольш шанаваных святых у Каталіцкім Касцёле і вельмі папулярны ў народнай пабожнасці: з’яўляецца, між іншым, апекуном закаханых, сужэнцаў, падарожных; ахоўвае ад неўраджаю і дапамагае знаходзіць згубленыя рэчы.

Наступная 11 нядзеля звычайная – Урачыстасць Найсвяцейшай Троіцы.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.