• Дзякую ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні. Дзякую таксама тым хто прыняў удзел у прыбіранні і прыгатаўленні капліцы да нядзельнай святой літургіі.
• На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

• 26 мая (панядзелак) Успамін св. Філіпа Нэры, святара
Нарадзіўся ў Фларэнцыі ў 1515 г., ва ўзросце 18 гадоў адмовіўся прыняць спадчыну і накіраваўся ў Рым, дзе вывучаў тэалогію і на працягу 16 гадоў працаваў хатнім натаўнікам у адной сям’і. Філіп вёў вельмі сціплае жыццё, напоўненае малітвай і пакаяннем; пэўны час супрацоўнічаў са св. Ігнацыем Лаёлам. Ночы ён часта праводзіў на малітве ў катакомбах, размешчаных пад горадам, і меў шмат містычных ласкаў і бачанняў. Падчас адной з такіх малітваў у катакомбах святога Себасцьяна ён убачыў вогненны шар, які ўвайшоў у ягоныя вусны, а яго сэрца пашырылася пад уздзеяннем нейкай невядомай велізарнай сілы. Гэтае здарэнне паўплывала на ўсё яго далейшае жыццё: ён прысвяціў сябе місіянерскай дзейнасці на вуліцах і плошчах Вечнага Гораду.
Нетрадыцыйнаю формаю апостальства і палымянымі казаннямі, поўнымі радасці, ён прыцягваў да сябе шматлікіх прыхільнікаў, аднак сярод духавенства ў яго было шмат непрыяцеляў, бо Філіп папракаў касцёльных дзеячаў у кан’юнктуры і прывязанасці да матэрыяльных выгодаў. У 1551 г. 38-гадовы Філіп Нэры прыняў святарскае пасвячэнне і далучыўся да супольнасці святароў, з якой праз год стварыў т. зв. «Араторый» — будучы закон аратарыянаў (філіпінаў).
Мэтай дзейнасці гэтай супольнасці апостальскага жыцця стала абуджэнне ў сэрцах людзей радасці ад блізкасці да Бога праз асабістую пабожнасць і энтузіязм. Філіп Нэры жыў гэтым кожны дзень і хутка апынуўся ў цэнтры ўвагі ўсяго Рыму. У араторыі — доме малітвы — збіраліся святары і свецкія вернікі, каб вывучаць Святое Пісанне і разам маліцца. Гэтая дзейнасць прыносіла багаты духоўны плён, дзякуючы чаму Філіпа Нэры пачалі называць апосталам Рыму. Ён быў блізкім сябрам святых Ігнацыя Лаёлы, Караля Барамэя і Францішка Сальскага. Па парады да яго звярталіся біскупы, кардыналы і Папы, ён быў аточаны ўсеагульнай любоўю.
Яму некалькі разоў прапаноўвалі кардынальскае званне, але ён адмаўляўся. Свой зямны шлях Філіп Нэры завяршыў 26 мая 1595 г. у келлі пры касцёле Санта Марыя ін Валічэла, дзе да гэтага часу ў капліцы св. Філіпа знаходзяцца яго рэліквіі. За вясёлую натуру Філіпа Нэры, які заўсёды быў гатовы да забаваў і добрых жартаў, часам называюць «святым камедыянтам», таму ён лічыцца апекуном гумарыстаў, а яшчэ яго заступніцтва просяць пры жаночай бясплоднасці і хваробах рук і ног.
• 29 мая (чацверг) УРАЧЫСТАСЦЬ УНЕБАЎШЭСЦЯ ПАНА
Абавязковае свята. Святыя Імша а 12.00 і а 19. 00
• 31 мая (субота) Свята адведзінаў Найсв. Панны Марыі
• Наступная нядзеля 1 чэрвеня 1 нядзеля месяца. У гэты дзень мы урачыста пройдзем па вуліцах нашага горада праслаўляючы Бога у Таямніцы Найсвяцейшага Сакрамэнту. Па распараджэнню нашага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ў гэтым дню ў мінску да 14 гадзін не будзе ні воднай св. Імшы, акрамя той, якая распачне галоўную працэссію. Адбудзецца яна у 9 гадзін як, што год на Залатой горцы. Сардэчна запрашаю прыняць удзел у ёй усіх парафіян, асабліва дзяцей, якія сёлята прыступілі першы раз да Святой Камуніі. У нашай капліцы ў гэты дзень адбудзецца св. Імшы толькі ў вечары а 19 гадз.
• Маёвыя набажэнствы у нашай капліцы кожны дзень пасля св. Імшы а 19 гадзіны у нядзелю пасля 12 гадзіны. У сувязі з Першай Камуніяй сёння Маёвае Набажэнства адбудзецца пасля св. Імшы а 19 гадзіне.
• Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да святога Антонія і ў гэтых інтэнцыях кожны аўторак а 19 гадз. адпраўляецца святая Імша.