Ад усяго сэрца дзякуем усім вам за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні. Асаблівыя словы падзякі кіруем да тых, хто ў панядзелак прыняў удзел у прыбіранні тэрыторыі побач з капліцай.
- На гэтым тыдні ў літургіі касцёла адзначаем:
29 красавіка (аўторак).
Свята св. Кацярыны Сіёнская Панны і доктара Касцёла, апякункі Еўропы.
Кацярына Бенінказа нарадзілася ў 1347 г. і была 24-м дзіцем у сям’і фарбавальшчыка з Сіены (Цэнтральная Італія). Ва ўзросце 12 гадоў Кацярына, згодна з жаданнем бацькоў, павінна была выйсці замуж, аднак глыбокая рэлігійнасць і багатае ўнутранае жыццё схілілі яе да таго, каб уступіць у трэці закон дамініканаў. У кляштары Кацярына навучылася чытаць і пазнаёмілася з навукай Касцёла. Кнігі і стасункі з вялікімі законнікамі сфармавалі яе духоўнасць і адкрылі шлях да незвычайных містычных перажыванняў.
Паводле ўласных словаў святой, яна перажыла «духоўныя заручыны» з Хрыстом. Сваім гераічным хрысціянскім жыццём, напоўненым самаахвярнай любоўю да бліжніх у імя Хрыста, яна прыцягнула да сябе шмат прыхільнікаў з усіх сацыяльных слаёў. Разам з тым з’явіліся і нядобразычліўцы, якія крытыкавалі святую за смеласць, што здавалася ім «непрыстойнаю». У 1376 г. Кацярына прыбыла ў Авіньён, дзе знаходзілася рэзідэнцыя Папаў, каб пераканаць тагачаснага Папу Грыгорыя ХІ вярнуцца ў Рым. Хоць і нельга сказаць, што гэта была выключна яе заслуга, але яе намаганні, напэўна, паспрыялі вяртанню, якое адбылося ўжо праз год.
Падчас падзелу Заходняга Касцёла Кацярына актыўна падтрымлівала законнага Папу і па яго просьбе пераехала ў Рым. Там яна і памерла ва ўзросце 33 гадоў, у апошнія гады жывячыся выключна Эўхарыстыяй. Яна пакінула мноства лістоў і «Трактат аб Божым Провідзе», дзе акрамя яе містычнага вопыту выказваецца таксама заклапочанасць станам тагачасанага Касцёла і грамадства. Святая Кацярына Сіенская заслужана лічыцца найвыдатнейшай жанчынай у хрысціянстве. Яна з’яўляецца апякункай Італіі і Еўропы; яе заступніцтва просяць хворыя на чуму і тыя, хто пакутуе ад галаўных боляў.
2 мая (Пятніца)
Успамін св. Атаназія біскупа і доктара Касцёла
Святы Атаназій Вялікі з’яўляецца адным з найбольш значных дзеячаў усходняга Касцёла. Ён нарадзіўся каля 298 г. у Александрыі ў Егіпце. У 328 г. ён становіцца біскупам Александрыі і разам з гэтым вышэйшым кіраўніком Касцёла ў Егіпце і Лівіі. Біскуп Атаназій рашуча абараняў правы Касцёла ад парушэння з боку цэзара і некаторых біскупаў, якія лічылі Атаназія занадта маладым для таго, каб займаць такое высокае становішча.
Ён таксама адстойваў пастановы Нікейскага Сабору (325 г.) і нястомна змагаўся з арыянскай ерассю. З-за сваёй прынцыповай пазіцыі неаднаразова высылаўся і ўвогуле правёў у выгнанні 17 гадоў. Захавалася шмат ягоных працаў, лістоў і кніг, сярод якіх і жыццяпіс славутага пустэльніка Антонія, дзе падаюцца правілы манаскага жыцця. Гэты твор пасля Бібліі быў адной з самых папулярных кніг хрысціянскай старажытнасці. Атаназій перажыў усіх сваіх нядобразычліўцаў і памёр у Александрыі 2 мая 373 г.
3 мая (субота) Свята св. св. Філіпа і Якуба , Апосталаў
У пераліку апосталаў Філіп з’яўляецца пятым. Ён быў вучнем святога Яна Хрысціцеля і паходзіў з Бэтсаіды, што на Генісарэцкім возеры, дзе працаваў рыбаком. Там яго сустрэў Езус і паклікаў у супольнасць дванаццаці апосталаў. Пасля ўваскрасення Хрыста Філіп спачатку вёў місіянерскую дзейнасць у сябе на радзіме, а пасля накіраваўся ў Фрыгію (Малая Азія), дзе навярнуў і ахрысціў шмат паганаў. Там каля 80 г., ва ўзросце 87 гадоў, апостал прыняў мучаніцкую смерць: быў прыбіты да крыжа і пабіты камянямі.
Якуб Меншы (Малодшы) быў сынам Клеафаса і Марыі, сястры Найсвяцейшай Панны Марыі. Часта яго атаясамліваюць з Якубам, «братам Пана», які карыстаўся ў Ерузалеме вялікім аўтарытэтам і быў празваны «Праведны». Розныя крыніцы называюць яго таксама першым біскупам Ерузалему. У 62 г. першасвятар Анна асудзіў Якуба на смерць, і апостала скінулі са сценаў святыні, пасля чаго яго дабіў нейкі гарбар.
Рэліквіі абодвух святых спачываюць у Рыме, у базыліцы Дванаццаці Апосталаў. Святыя Філіп і Якуб лічацца апекунамі капялюшнікаў, крамнікаў, гарбароў.
3. Паведамляем, што пачынаючы з наступнай нядзелі 4 мая, мы пераходзім на летні расклад набажэнстваў, а менавіта у нядзелю Св. Імша з 18 гадзін пераносіцца на 19 гадзін.
- 18 мая невялічкая группа дзяцей з нашай парафіі прыступіць да Першай Святой Камуніі.
- Інтэнцыя Жывога Ружанца на май:
Молімся за дзяцей з нашай парафіі, якія ў гэтым месяцы прымуць Першую Святую Камуніі, каб поўны ўдзел у Св. Імшы і з’яднанне з Хрыстом у Св. Камуніі, прынесла ў іх жыцці шматлікія плёны добрых учынкаў.
- Праз увесь месяц май штодня у капліцы пасля вячэрняй Св. Імшы будуць адбывацца ”Маёвыя набажэнствы” да Найсвяцейшай Марыі Панны. У нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне.