1. Дзякую ўсім за супольную малітву і складзеныя ахвяраванні. Асаблівым чынам дзякую ўсім тым, хто клапоціцца аб нашай святыні і кожную суботу негледзячы на ўласную занятасць прыбірае і прыгатаўлівае яе да нядзелі.

2. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

 

Аўторак 27 верасня

Усп. Св. Вінцэнта дэ Поля

Нарадзіўся 24 красавіка 1581 г. у мястэчку Пуі ў французскай Гасконі, якое сёння ў гонар святога называецца Сэн-Вэнсан-дэ-Поль. Бацькі Вінцэнта былі сялянамі. У 19-гадовым узросце ён стаў святаром і праз дванаццаць гадоў святарскага служэння быў прызначаны пробашчам парафіі Клішы ў Парыжы. У 1617 г. святар прысягнуў да канца свайго жыцця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасці — супольнасць свецкіх сясцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных, а ў 1625 г. — законную супольнасць Місій, заданнем якой стала падрыхтоўка місій і клопат пра выхаванне духавенства.

Паколькі сядзіба супольнасці Місій знаходзілася побач з парыжскім касцёлам святога Лазара, законнікаў пачалі называць лазарыстамі. У 1633 г. Вінцэнт дэ Поль разам з Луізай дэ Марыяк заснаваў законную супольнасць Дачок міласэрнасці, вядомых пад назваю шарыткі (ад французскага слова charitй — міласэрнасць). Адданы святар, служыцель бедных, апякун сіротаў і хворых арганізоўваў сталоўкі для простага народу, а таксама палявыя шпіталі (лазарэты) падчас крывавых паўстанняў супраць каралеўскай улады, што адбываліся ў краіне ў сярэдзіне XVII ст. На момант яго смерці 27 верасня 1660 г. у Францыі існавала ўжо каля 800 місій лазарыстаў, якія пазней распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Святы лічыцца апекуном дабрачынных арганізацый, а таксама сіротаў і дзіцячых дамоў.

Чацверг 29 верасня

свята св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў

Арханёл Міхал — Апякун Касцёла ў Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае хто як Бог?, некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны.

У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — святога Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі звеставаў нараджэнне Езуса Хрыста. Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Акрамя таго, Арханёл Міхал лічыцца апекуном вайскоўцаў, Габрыэль — паштароў, а Рафал — медыкаў.

Пятніца 30 вераня

успамін св. Гераніма, святара і доктара Касцёла

Геранім Стрыдонскі, (330 — ~419, Віфлеем) – пісьменнік-палеміст, філолаг, перакладчык на лацінскую мову тэкстаў Бібліі. Тэкст яго перакладу, вядомы пад назваю Вульгаты, на Трыенскім касцёльнам саборы (1545) быў прызнаны кананічным, а сам Геранім лічыцца адным з вялікіх айцоў хрысціянскага касцёла, якога каталіцкі касцёл прылічыў да святых.

Нарадзіўся ў Далмацыі ў 330 у сям'і грэка або ілірыйца. У Рыме атрымаў выдатную для свайго часу адукацыю, потым наведаў іншыя навуковыя цэнтры. У 373 накіраваўся на Блізкі Усход, папярэдне прыняўшы хрысціянства. Два гады правёў у Антыёхіі, пасля накіраваўся ў Халкідонскую пустыню, дзе аддаўся подзвігам аскетызму, вывучэнню яўрэйскай і халдзейскай моў. Наведаўшы Палесціну, Геранім накіраваўся ў Канстанцінопаль, а адтуль зноў у Рым, дзе папа Дамас I зрабіў яго сваім дарадчыкам. Пасля смерці папы (385) назаўсёды пакінуў сталіцу імперыі, вярнуўся ў Палесціну і пасяліўся ў Віфлееме, дзе заснаваў мужчынскі манастыр, вучыў дзяцей і манахаў. Там ён сабраў вялікую бібліятэку, паглыбляў свае веды па старажытных мовах і літаратурах і займаўся перакладам Бібліі на лацінскую мову. Пераклад Геранім, вядомы пад назвай Вульгаты, пасля афіцыйна быў прызнаны каталіцкім касцёлам кананічным. Ен напісаў шэраг палемічных твораў на розныя тэмы, тлумачэнняў да асобных біблейскіх кніг («Быццё», «Эклезіяст», Евангелле ад Мацвея, Пасланні апостала Паўла і інш.), якія ў хрысціянскай літаратуры лічацца аднымі з найлепшых. Яго дагматычныя творы маюць востра палемічны характар, бо іх аўтар быў выдатным майстрам палемікі. За сваё жыццё Геранім напісаў каля 180 твораў. Памёр у Віфлееме каля 419. Праваслаўная царква называе яго блажэнным, а каталіцкая прылічыла да святых.

Субота 1 кастрычніка

Cвятая Тэрэза ад Дзіцятка Езус, панна і доктар Касцёла

Тэрэза Мартэн нарадзілася 2 студзеня 1873 г. у Алянсоне (Францыя). У пятнаццацігадовым узросце здзейснілася яе самае вялікае жаданне: нягледзячы на вельмі малады ўзрост, ёй было дазволена ўступіць у кармэліцкі кляштар у Лізьё. Сёстры з супольнасці часта яе не разумелі і ставіліся да яе скептычна. Духоўныя пакуты Тэрэзы абцяжарваліся пакутамі фізічнымі, якія яна цярпела з-за цяжкай формы сухотаў, на якія захварэла ў кляштары. Гэтыя цярпенні Тэрэза жадала ахвяраваць за грэшнікаў.

Маладая кармэлітка зносіла выпрабаванні з годнай здзіўлення мужнасцю: з яе твару ніколі не знікала ўсмешка, а сама яна заўсёды была гатовая служыць бліжнім. Свой духоўны вопыт Тэрэза апісвае ў кніжцы «Гісторыя адной душы». Святасць яна разумее як бязмежны давер да Бога і стаўленне дзіцяці ў адносінах да Яго міласэрнай любові. Свой «малы шлях» да святасці Тэрэза ад Дзіцятка Езус прайшла праз поўнае прысвячэнне сябе Богу і ахвяры за збаўленне свету. Яна адышла ў вечнасць 30 верасня 1897 г. ва ўзросце 24 гадоў. У 1997 г. падчас Сусветнага дня моладзі ў Парыжы Слуга Божы Ян Павел ІІ абвясціў святую Тэрэзу, якую часам называюць «Малой», доктарам Касцёла. У гісторыі Касцёла яна стала трэцяй святой жанчынай, якая атрымала гэты тытул.


 

3. 29 верасня Святой Імшы з ранку ў 8 гадзін не будзе.


 

4. Пачынаючы ад 1 кастрычніка ў нашай капліцы будуць ладзіцца кастрычніцкія ружанцовыя набажэнствы. У звычайныя дні пасля святой Імшы ў вечары – прыкладна а 19 30 і ў нядзелю пасля святой Імшы а 12 гадзіне – прыкладна а 13 гадзіне


 

5. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.


 

6. Звяртаемся таксама да кожнага, хто хацеў бы далучыцца да акцыі дапамогі найбольш патрабуючым – збіраем вопратку – дзіцячую і дарослую, а таксама забаўкі. Прыносіць можна да закрыстыі – калі ласка чыстаю.


 

7. У нас у капліцы ёсць дыскі якія зрабіў католік бай  - там ёсць ўсё і фотаздымкі, і з розных пілігрымак відэо і таксама ўся святая Імша з Будслава. Кошт 15 000 рублёў.

 

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.