Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы і за ўселякую дапамогу.

  • На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

10 лютага (панядзелак) – успамін св. Схалястыкі, панны.
Была роднай сястрой св. Бенедыкта Нурсійскага. Нарадзілася ў Нурсіі (Цэнтральная Італія) каля 480 г. Рана ўступіла ў закон, жыла ў розных кляштарах у ваколіцах Рыма, пакуль, нарэшце, не ўсталявалася непадалёк ад Монтэ Касіна, дзе быў кляштар яе брата, Бенедыкта, з якім яна ўсё жыццё была моцна звязаная.
Раз на год яны сустракаліся ў вясковай хаце ля падножжа Монтэ Касіна (бенедыктынскі статут не дазваляў ёй наведваць брата ў кляштары), каб абменьвацца думкамі і разам маліцца. Схалястыка прадчувала сваю смерць і памерла ў прысутнасці брата, які бачыў, як душа сястры ў выглядзе галубкі адлятала ў неба. Заступніцтва святой абараняе ад засухі і маланак.

11 лютага (аўторак) – успамін Найсвяцейшай Панны з Люрда

14 лютага (пятніца) – Свтя св. Кірыла, мніха і Мятода, біскупа, апекуноў Еўропы.

Былі братамі. Нарадзіліся ў першай палове IX ст. у Солуні (Фесалонікі ў Грэцыі) у шматдзетнай сям’і. Адзін з іх, Канстанцін, уступіў у закон, прыняўшы імя Кірыл, і атрымаў у Канстанцінопалі цудоўную адукацыю, за што сучаснікі называлі яго «філосафам». Будучы ўжо дасведчаным місіянерам, у 862 г. разам з братам Мятодам ён накіроўваецца на місію ў Маравію, валадар якой прасіў прыслаць святароў, якія б размаўлялі па-славянску.
Браты дасягнулі вялікіх поспехаў у сваёй місіянерскай дзейнасці, і гэтаму ў вялікай ступені паспрыяла стварэнне імі славянскага пісьменства (глаголіцы). Кірыл пераклаў на славянскую мову жыццяпісы Айцоў Касцёла і Святое Пісанне, а таму лічыцца заснавальнікам славянскай літаратуры. Пасля некалькіх гадоў працы браты накіраваліся ў Рым, да Папы Адрыяна ІІ, які ўпершыню зацвердзіў літургію на славянскай мове. 14 лютага 869 г. у Рыме памёр Кірыл. Ён быў пахаваны ў базыліцы св. Клімэнта, дзе яго цела спачывае і цяпер, а яго старэйшага брата, Мятода, Папа пасвяціў на арцыбіскупа Маравіі і Паноніі (сучасная Венгрыя), дзе ён нястомна працягваў абвяшчаць Евангелле. Яго дзейнасці, што дасягала нават польскіх земляў, моцна перашкаджалі нямецкія біскупы, якія былі супраць славянскай літургіі і нават на працягу двух з паловаю гадоў трымалі святога пад арыштам. Яго вызваліў Папа Ян VIII, які зацвердзіў Мятода на ўсіх яго пасадах і пацвердзіў дазвол карыстацца славянскаю моваю ў літургіі.
Мятод памёр 6 красавіка 885 г., хутчэй за ўсё, у Веляградзе ў Маравіі. Пасля яго смерці літургія на славянскай мове ізноў была забаронена. За вялікія заслугі ў абвяшчэнні хрысціянскай веры сярод славянскага насельніцтва, святых Кірыла і Мятода называюць «Апосталамі славянаў». У Балгарыі адной з вышэйшых дзяржаўных узнагародаў з’яўляецца ордэн святых Кірыла і Мятода. Імя святых, якія знаходзяцца ў вялікай пашане і ў Праваслаўнай Царкве, носіць адна з вуліц у Мінску. Святы Айцец Ян Павел ІІ, беручы пад увагу такое вялікае значэнне гэтых святых для ўсіх славянаў, абвясціў іх таксама Апекунамі Еўропы.

  • Пасля кожнай св. Імшы, для тых хто не быў на св. Імшы ў гонар св. Агаты, ёсць магчымасць узяць сабе хлеб св. Агаты (знаходзіца каля алтара)
  • Узгадываю, што да капліцы можна прыносіць, асвячэную ў мінулым годзе, вярбу каб спаліць яе і прыгатаваць попел, якім будуць пасыпаны нашыя голавы на пачатак Вялікага Посту ў гэтым годзе.
  • У аўторак 11 лютага падчсас св. Імшы ў вечары з нагоды успаміну Маці Божай з Люрда будзе нагода хворым нашай парафіі прыступіць да Сакрамэнту хворых.




Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.