Шчыра дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і асабліва за дапамогу пры адгарненні снега. Няхай Бог благаславіць вам і вашым блізкім за вашую дабрыню і шчодрасць.
У сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы ў нашай парафіі адбываюцца Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас разам з дзяцьмі запрашаем на РАРАТЫ.
У наступную суботу і нядзелю ў нашай парафіі будуць адбывацца адвэнтовыя рэкалекцыі. Рэкалекцыі гэта час духоўнай адновы, як кожнага асабістага чалавека, так і ўсёй парафіяльнай супольнасці. Гэта таксама добрая нагода прыступіць да сакраманту споведзі.
Расклад рэкалекцыйных імшаў і навук:
субота 8.00, 12.00, 19.00
нядзеля 8.00, 10.30, 12.00, 18.00
Праводзіць рэкалекцыі будзе а. Алег Шенда (капуцын)
Па традыцыі, дзевяць дзён перед святам Божага Нараджэння, распачынаецца Навэнна да Дзіцятка Езус. Малітвы на кожны дзень навэнны мы будзем адмаўляць пасля Святой Імшы. (тэкст навэнны)
У закрыстыі можна набыць аплаткі на вігілійны стол. (кошт - дабравольная ахвяра)
На паліцы пры выхадзе з каплічкі новы нумар "Авэ Марыя" Снежань — час доўгіх вечароў і гарачай гарбаты, мандарынак і духмянага печыва, час цёплых сямейных святаў... Таму і чарговы нумар часопіса «Ave Maria» амаль цалкам прысвечаны тэме сям’і.
«Дзе ў Бібліі сказана, што Бог устанавіў сакрамэнт сужэнства?» — на гэтае пытанне ў аднайменным артыкуле адказвае кс. Андрэй Рылка. Узнятая тэма вельмі актуальная ў наш час, калі многія маладыя пары вырашаюць жыць у так званым свабодным саюзе — маўляў, пячатка ў пашпарце (і на пасведчанні пра сакрамэнт шлюбу) не самае галоўнае. У артыкуле вядзецца гаворка пра каштоўнасць хрысціянскага сужэнства, яго пакліканне і мэты. Несумненна, пра гэта многія з нас задумваліся ўжо шмат разоў, дык няхай біблійныя факты і крыніцы, прыведзеныя кс. Андрэем Рылкам, дапамогуць расставіць прыярытэты ў духоўным жыцці нашых сужэнстваў.
Пра сексуальнае жыццё мужа і жонкі таксама распавядаецца на старонках часопіса ў артыкуле «Секс у сужэнстве. Парады а. Ксавэрыя Кнотца», падрыхтаваным Людмілай Бурлевіч. «Што цікавага і новага пра секс можа сказаць святар?» — такое пытанне задае сабе аўтарка на пачатку публікацыі. Аднак у працэсе знаёмства з матэрыялам сужэнскія пары знойдуць разважанні над праблемамі, якія нярэдка ўзнікаюць у сексуальнай сферы, і, хоць часта разглядаюцца ў свецкіх выданнях, амаль ніколі не асвятляюцца з пазіцый хрысціянства.
(Кошт 10 000 рублёў)
Расклад набажэнстваў на Божае Нараджэнне (Расклад набажэнстваў на Божае Нараджэнне ў некаторых парафіях Мінска)
24 снежня
12.00 - святая Імша
21.00 — святaя Імшa ў вігілію Нараджэння Пана для дзяцей
23.00 — святая Імша ў вігілію Нараджэння Пана
25 снежня
10.30, 12.00, 18.00 — святыя Імшы
Прыміце Божае благаслаўленне.