Шчыра дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

У нашай парафіі адбываюцца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас разам з дзяцьмі запрашаем асаблівым чынам на РАРАТЫ ў сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:


13 снежня (пятніца): Успамін Святой Люцыі, панны і мучаніцы.

Святая Луцыя прыняла мучаніцкую смерць у Серакузах на Сіцыліі каля 304 года пасля здзекаў, якімі яе хацелі прымусіць да адрачэння ад веры. Найстарэйшае апісанне жыцця Святой Люцыі паходзіць з V стагоддзя. Паводле яго Святая Люцыя нарадзілася ў заможнай сям’і. Была прызначаная да замужжа з багатым юнаком. Аднойчы выправіўшыся ў пілігрымку да гробу Святой Агаты ў Катаніі, каб выпрасіць здароў’е для сваёй маці, ёй аб’явілася Святая Агата і прадказала мучаніцкую смерць. Калі Святая Люцыя вярнулася дамоў, то адраклася ад замужжа, раздала маёмасць і прыняла шлюб чыстасці на ўсё жыццё. У IV стагоддзі пры цэзары Дыялектыяне распачаўся вялікі пераслед. Святая Люцыя была выдана сваім быўшым жаніхом з-за помсты. Загінула 13 снежня 304 года, калі мела 23 гады. У Серакузах і на Сіцыліі шануюць яе, як сваю апякунку.

14 снежня (субота): Успамін Святога Яна ад Крыжа, святара і доктара Касцёла.

Святы Ян ад Крыжа нарадзіўся каля Авіля ў Іспаніі ў 1542 годзе. Маючы 20 гадоў уступіў у Закон Кармелітаў. Святы Ян стаў галоўным памочнікам СвятойТэрэзы ў рэформе Закону. Палюбіў крыж Хрыста і прасіў Бога, каб заўсёды яму хапала цярпення. Гэтая малітва была выслухана. Яго рэфарматарская дзейнасць прынесла яму вялікія асабістыя цярпенні. Святы Ян ад Крыжа прапаведваў поўнае ўнутранае ачышчэнне, каб дайсці да поўні з’яднання з Богам. Свае павучэнні заставіў у кнігах напісаных прозай і вершам. Памёр ва Убэдзе ў 1591 годзе.

Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да святога Антонія і ў гэтых інтэнцыях будзе адпраўлена святая Імша ў 19.00.

У закрыстіі можна набыць аплаткі на стол вігілійны. 


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.