Шчыра дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і прыгатаванне яе да перыяду адвэнту, за складзеныя ахвяраванні і за ўсялякую аказаную дапамогу. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць.

Сёння мы распачалі час Адвэнту – час чакання на Прыйсце Пана, час падрыхтоўкі да ўрачыстасці Божага Нараджэння. Памятаем, што гэта час посту. На Адвэнт прынята рабіць пастановы. Заахвочваю таксама і вас прыняць на сябе постныя пастановы. Пастараймася напрацягу гэтага перыяда больш засяродзіцца над справамі нашага духовага жыцця. Належыць абмежаваць наш удзел у гучных забавах.


Адвэнт, гэта перыяд радасны і адначасова вельмі адказны. У адрозненні ад Вялікага Посту, у Адвэнце мы больш засяроджваемся не на сваіх грахах, а на бясконцай дабрыні Збаўцы, Які не пагардзіў прыняць нашую смяротную натуру, каб нас выратаваць ад вечнай смепці і адкрыць нам шлях да Неба. Мы з удзячнасцю ўспамінаем гэты цудоўны момант нашай гісторыі, а таксама скіроўваем позірк у будучыню, да таго апошняга моманту зямнога часу, калі Езус прыйдзе ўжо не як маленькае бездапаможнае дзіцятка, а як Валадар усяго сусвету. Мы рыхтуемся да гэтай сустрэчы, і таму ужо зараз павінны вырашаць, кім ёсць Хрыстус у маім жыцці, асабіста для мяне, цяпер і зараз? Адвэнт -- гэта час ачышчэння нашага жыцця да непатрэбнай мітусні, час засяродзіцца на тым, што ёсць найважнейшае для нас, шукаць адказы на галоўнвя пытанні нашага існавання. Адказы, ад якіх залежыць не толькі нашае жыццё на зямлі, але і ў вечнасці.

Згодна са старадаўняй традыцыяй у нашай парафіі будуць адбывацца ранішнія Святыя Імшы ў гонар Найсвяцейшай Панны Марыі. Усіх вас, разам з дзяцьмі запрашаем асаблівым чынам на РАРАТЫ ў сераду і пятніцу ў 6.45 раніцы.

Хацеў бы падзякаваць моладзі нашай парафіі, якая прыгатавала і распаўсюдзіла паштоўкі Божага нараджэння. Грошы сабранныя праз гэтую акцыю былі прызначаны на патрэбы парафіі.

У закрыстыі можна набыць аплаткі на вігілійны стол.

Айцы мар’яне ў наступную нядзелю 8 снежня (УРАЧЫСТАСЦЬ БЕЗЗАГАННАГА ЗАЧАЦЦЯ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ПАННЫ МАРЫІ) запрашаюць на адпустовую Імшу на 12 гадзін. 

Інтэнцыя жывога ружанца на снежань:

Каб хрысціяне, асветленыя нараджэннем уцелаўлёнага  Слова, падрыхтавалі чалавецтва да прыходу Збавіцеля нашага Езуса Хрыста.

Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што Яго Святасць Папа Францішак прызначыў: 

— біскупам Віцебскай дыяцэзіі — шаноўнага прэзбітэра Алега Буткевіча, які ў дадзены момант выконвае абавязкі пробашча парафіі Св. Антонія Падуанскага ў Віцебску і дэкана дэканату Віцебск-паўночны;

— дапаможным біскупам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі — шаноўнага прэзбітэра Юрыя Касабуцкага, які ў дадзены момант выконвае абавязкі канцлера курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і адміністратара парафіі Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы ў Мінску,

— дапаможным біскупам Гродзенскай дыяцэзіі — шаноўнага мансіньёра Іосіфа Станеўскага, які ў дадзены момант выконвае абавязкі рэктара Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне і віцэ-афіцыяла Міждыяцэзіяльнага касцёльнага суда ў Гродне

У сувязі з гэтым выслухайце адозву Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча да святароў, кансэкраваных асобаў і верных Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ў сувязі з прызначэннем кс. Юрыя Касабуцкага яе дапаможным біскупам.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

3 снежня (аўторак): Успамін Святога Францішка Ксаверыя, святара.

Святоы Францішак – іспанец, пазнаёміўся ў Парыжу са Святым Ігнацыям Лаёлам, заснавальнікам Таварыства Езуса. Пад яго ўплывам стаў адным з яго гарлівых супрацоўнікаў у новым законе. Быў высланы на місію ў Індыю і навярнуў шматлікія паганскія народы. Потым распачаў Евангелізацыю ў Японіі. Меў намер падацца яшчэ і ў Кітай, але Бог яго паклікаў да вечнасці на гары Санцян каля Кантону 3 снежня 1552 года. Надзвычайная апостальская дзейнасць была плёнам яго глубокага ўнутранага жыцця і вернасці духоўным практыкаванням. Святы Францішак Ксаверый з’яўляецца апекуном каталіцкіх місій. Яго свята прыпамінае абавязак падтрымкі місій малітвай і ахвярай.

4 снежня (серада): Успамін Святога Яна Дамаскіна, святара і доктара Касцёла.

Святы Ян нарадзіўся ў Дамаску каля 650 года. Некалькі гадоў спаўняў абавязкі “лагатэта” г.зн. быў прадстаўніком хрысціянскай супольнасці перад каліфам. Калі не змог больш спаўняць сваіх абавязкаў з-за шкоды сваёй веры, адмовіўся ад пасады і ўступіў у кляштар Святога Сабы пад Ерусалімам, дзе прысвяціў жыццё малітве і навуцы. Гарліва выступаў супраць крыўдзіцеляў, паказваў крыўды, якія прыносіць клопат аб матэрыяльных каштоўнасцях. Напісаў асабістыя і каштоўныя тэалагічныя працы. Памёр каля 750 года ў кляштары Святога Сабы. Святога Яна Дамаскіна лічаць апошнім з Усходніх Айцоў Касцёла.

6 снежня (пятніца): Успамін Святога Мікалая, біскупа.

Святы Мікалай быў біскупам Міры ў Малой Азіі ў пачатку IV стагоддзя. Яго культ пашырыўся на Захадзе пасля перанясення рэліквій святога да Бары ў Італіі. У пастырскай дзейнасці ён адзначаўся міласэрнасцю. Бог узнагародзіў яго гарлівасць і любоў дарам здзяйснення цудаў. Легенда кажа, што ноччу Святы Мікалай клаў міласціну ў дамы патрабуючых. Адгэтуль пайшоў звычай адорваць дзяцей падарункамі ў гэта свята.

7 снежня (субота): Успамін Святога Амброзія, біскупа і доктара Касцёла.

Святы Амброзій быў кіраўніком Паўночнай Італіі і прэфектам Медыялану. Ужо як катэхумэн быў абраны народам біскупам Медыялану. 30 лістапада 374 года быў ахрышчаны, а 7 снежня атрымаў Біскупскую Сакру. Спраўна змагаўся з арыянскай ерассю. Цэзара Тэадозія ён схіліў да публічнай пакуты за сечу ў Тэсалоніках. Знайшоў для Касцёла і ахрысціў Святога Аўгустына. Дзякуючы сваім лістам быў прызнаны адным з чатырох вялікіх доктараў лацінскага Касцёла. Ён з’яўляецца аўтарам шматлікіх літургічных гімнаў і заснавальнікам Касцёльнага спеву. Памёр у ноч Змёртвыхпаўстання 4 карасавіка 397 года.

На плённае перажывання Адвэнту прыміце Божае благаслаўленне.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.