Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, за прыбіранне капліцы і за іншую аказаную дапамогу, за складзеныя сёння ахвяраванні, якія прызначаюцца на патрэбы Духоўнай Семінарыі. Няхай добры Бог благаславіць Вам і вашым сем’ям.

Урачыстасць Хрыста – Валадара Сусвету: гэта апошняя нядзеля літургічнага года. Наступная нядзеля 1 снежня гэта першая нядзеля Адвэнту, якой распачынаем новы літургічны год і падрыхтоўку да ўрачыстасці Божага Нараджэння.

На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

29 лістапада  – успамін усіх святых францішканскага ордэну

30 лістапада (пятніца): Свята Святога Андрэя Апостала

Паходзіў з Бэтсаіды (Галілея). Быў братам Сымона-Пятра. Абодва яны былі рыбакамі і жылі ў Капернауме, на беразе Генісарэцкага возера. Згодна з Евангеллем паводле св. Яна, Андрэй спачатку належаў да супольнасці вучняў св. Яна Хрысціцеля, а потым па парадзе свайго настаўніка пайшоў за Езусам, узяўшы з сабою брата. Такім чынам Андрэй стаў першым вучнем Хрыста, і таму ва ўсходняй традыцыі яго называюць «Першазваным». У сінаптычных Евангеллях апісана сцэна паклікання галілейскіх рыбакоў Андрэя і Пятра, якая адбылася пазней на беразе Генісарэцкага возера, пасля чаго браты ўжо не пакідалі Езуса і паўсюль спадарожнічалі яму. Паводле некаторых звестак, пасля смерці і ўваскрасення Месіі Андрэй скіраваўся на місію ў Грэцыю і Турцыю. 

30 лістапада 60 г. у грэцкім горадзе Патрасе ён прыняў мучаніцкую смерць праз укрыжаванне: апостал быў прыбіты да крыжа ў форме літары «Х» — т. зв. крыжа св. Андрэя. У Сярэднявеччы яго рэліквіі трапілі ў Амальфі ў Італіі і там спачываюць у катэдры св. Андрэя да сённяшняга дня, аточаныя вялікай пашанай. Пазней галава святога была перавезена ў Рым, але ў 1964 г. Папа Павел VI вярнуў каштоўную рэліквію ў Патрас. Свята св. Андрэя з’яўляецца важнай датай у народным календары, з якой звязана шмат традыцый (напр., «андрэйкі»). Святы з’яўляецца апекуном рыбакоў, плыўцоў, добрага сужэнства і дзяцей. Яго заступніцтва просяць ад артрыту і сутаргаў.

  • У гэтую сераду і пятніцу апошнія набажэнства лістапада падчас якіх молімся за нашых памерлых: у 18.30 – Нешпары, выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці
  • У наступную нядзелю 1 снежня а 12 гадзіне Імша ў інтэнцыі жывога ружанца і змена таямнічак.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.