Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы і за іншую аказаную дапамогу. Асаблівым чынам хацеў бы падзякаваць Панам Міхалам за іх дапамогу пры працы ў падрыхтоўцы капліцы да зімняга перыяду. Няхай Добры Бог благаславіць Вам і вашым сем’ям.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
21 лістапада (чацверг): Успамін Ахвяраванне Найсвяцейшай Панны Марыі
Паводле паданняў, якія бяруць пачатак у апокрыфах, Марыю ў дзяцінстве аддалі ў ерузалемскую святыню, дзе яна і выхоўвалася. Гэтае свята адзначалася на Усходзе ўжо ў VII стагоддзі ў гадавіну пасвячэння касцёла Маці Божай у Ерузалеме. У XI стагоддзі свята было прынята Заходнім Касцёлам. Сёння Касцёл успамінае перш за ўсё Ахвяру, якая адбылася ў душы Марыі ў пачатку Яе свядомага жыцця. Марыя зяўляецца для ўсіх прыкладам жыцця, прысвечанага Богу.
22 лістапада (пятніца): Успамін Святой Цэцыліі, панны і мучаніцы
Цэцылія – адна з самых славутых мучаніц Рымскага Касцёла. Цяжка, аднак, у апісанні яе пакутаў адрозніць гістарычныя факты ад легендавых дадаткаў, якія сведчаць аб папулярнасці Святой. Паводле легенды, нягледзячы на дадзены ёю зарок чысціні, яе прымусілі да замужжа з язычнікам Валяр’янам. Аднак Пан цудоўна збярог яе дзявочасць. Святая дзева навярнула мужа і яго брата Тыбурцыя да Хрыста і разам з імі загінула пакутніцкай Смерцю праз адсячэнне галавы. Цела святой Цэцыліі было знойдзена ў катакомбах у 822 годзе і перанесена ў прысвечаную ёй базыліку за Тыбрам. Імя Святой Цэцыліі ўпамінаецца ў Рымскім Каноне. Яна – заступніца касцельнай музыкі.
24 лістапада (нядзеля): Урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.
У наступную нядзелю заканчываецца Год Веры, гэта дзень, у які можна атрымаць адпуст. Зборы ахвяраванняў прызначаюцца на патрэбы духоўнай семінарыі. Распараджэнне Курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі адносна завяршэння Года веры
У кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада перад вячэрняй Святой Імшой адбываецца набажэнства за памерлых: у 18.30 – Нешпары, выпамінкі, Вяночак да Божай Міласэрнасці.
Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да святога Антонія і ў гэтых інтэнцыях будзе адпраўлена святая Імша ў 19.00.