1. Дзякую шчыра за вашую адкрытасць і дабрыню. Асабліва дзякую за ўпарадкаванне тэрыторыі пры капліцы і за прыбіранне нашай святыні. Дзякую таксама ўсім, хто не пакладаючы рук канапаціў нашу капліцу, затыкаючы адтуліны ільном. Няхай Бог узнагародзіць Вас і вашыя сем’і. Фотаздымкі з нашай супольнай працы можна пабачыць на нашай інтэрнэт старонке JAN.BY
2. У чацвер 31 кастрычніка заканчэнне ружанцовага набажэнства. Сёння ружанцовае набажэнства пасля Імшы на 12 гадзін, у панядзелак, аўторак, сераду і чацвер ў 19.30 пасля Святой Імшой. Сардэчна запрашаю вас усіх на супольную малітву і разважанне таямніц жыцця Езуса Хрыста і Найсвяцейшай Панны Марыі.
На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
28 кастрычніка (панядзелак) Успамін Святых Сымона і Юды, Апосталаў
Святы Сымон меў мянушку Зэлёта – Самаахвярнік з–за самаахвярнага выканання Закону Майсея. Святы Юда – Тадэвуш, брат Якуба Малодшага, быў сваяком Езуса Хрыста. Ён – аўтар паслання, унесенага ў кнігу Новага Запавету. Вернікі звяртаюцца да яго, як да заступніка ў безнадзейных справах.
У гэты дзень абыходзіць свае імяніны наш арцыпастыр арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Памятаем аб ім ў нашай малітве.
1 лістапада (пятніца): УРАЧЫСТАСЦЬ УСІХ СВЯТЫХ
У гэты дзень Касцёл аддае пашану ўсім, хто ўжо ўвайшоў у славу нябесную, а верным, што пілігрымуюць па зямлі, ён паказвае дарогу, якая давяла іхніх старэйшых братоў да святасці. Касцёл напамінае нам таксама праўду аб нашай супольнасці са Святымі, якія атуляюць нас апекай.
Святые Імшы 1 лістапада ў 8.00, 12.00 і 19.00.
2 лістапада (субота): УСПАМІН УСІХ ПАМЕРЛЫХ ВЕРНІКАЎ
Ушанаваўшы трыумф тых верных, якія ўжо ўвайшлі на неба, Касцёл успамінае ўсіх, хто ў чыстцы каецца за свае грахі. Каб ім дапамагчы, Касцёл прадстаўляе Пану Богу малітвы і дараванне грахоў, атрыманае праз жывых, перш за ўсё праз Ахвяру Хрыста, якая прысутнічае ў Святой Імшы. Успамін усіх памерлых вернікаў увёў абат бенедыктынаў у Клюні святы Адылон у 998 годзе. Вельмі хутка гэты звычай быў прыняты ва ўсім Касцёле. У 1915 годзе ў час Першай сусветнай вайны Папа Бенедыкт XV па просьбе абата – прымаса бенедыктынаў дазволіў святарам усяго Касцёла адпраўляць у гэты дзень тры Святыя Імшы. Адну ахвяруюць паводле ўласнога выбару, другую – за ўсіх памерлых вернікаў, а трэцюю паводле інтэнцыі Папы.
Парадак набажэнстваў 2 лістапада:
8.00 – Святая Імша;
16.00 – набажэнства за памерлых на могілках ў Масюкоўшчыне;
19.00 – Святая Імша.
3. Месяц лістапад асаблівым чынам прысвечаны малітоўнай памяці аб нашых продках, якія апярэдзілі нас у шляху да вечнасці. З гэтай нагоды у нашай капліцы пачынаючы з дня 1 лістапада праз 8 дзён (актава) да 8 лістапада кожны дзень перад вячэрняй Святой Імшой будзе адбывацца набажэнства за памерлых – Нешпары і будуць чытацца выпамінкі (імёны і прозвішчы памерлых) за якіх молімся. У гэтыя дні будзе адпраўляцца Святая Імша ў інтэнцыі памерлых, якіх вы падалі ў выпамінках.
4. Таксама і ў іншыя дні, па-за актаваю, кожную сераду і пятніцу напрацягу ўсяго лістапада, будзем маліцца за нашых памерлых у выпамінковым набажэнстве. У закрыстыю можна прыносіць запіскі з пададзенымі імёнамі вашых родных, блізкіх, знаёмых памерлых.
5. Вернікі, якія падчас актавы з 1 па 8 лістапада наведаюць могілкі могуць атрымаць поўнае дараванне грахоў (дараванне Богам часовых караў на зямлі і ў чысцы), якое можа быць ахвяравана толькі за памерлых. Атрымаць можна толькі адзін адпуст напрацягу дня пры звычайных умовах: быць у стане асвячальнай ласкі (прыступіць да Споведзі ў гэты самы дзень альбо лепш раней), адгаварыць малітвы Ойча наш…, Веру у Бога…, малітву у інтэнцыі Святога Айца, і прыняць Святую Камунію.
6. Хто ў дзень 2 лістапада мае магчымасць і не выяжджае на могілкі сваіх родных, запрашаем да супольная малітвы на могілках на вул. Масюкоўшчына. Збіраемся каля ўваходу ў 16.00 гадзін.
7. На гэтым тыдні прыпадае таксама Першая пятніца – дзень малітвы да Сэрца Пана Езуса. Першая субота – дзень малітвы да Найсвяцейшай Панны Марыі. Першая недзеля месяца.
8. Пачынаючы ад наступнай нядзелі 3 лістапада пераходзім на зімні перыяд дзейнасці нашай капліцы. Гэта значыць, што у нядзелю святая Імша а 19 гадзіне пераносіцца на 18 гадзіну.
9. У наступную нядзелю, а 12 гадзіне святая Імша ў інтэнцыі ўсіх членаў нашых ружаў Жывога Ружанца.
10. Інтэнцыя жывога ружанца на лістапад: За памерлых пакутуючых ў чысцы, каб як мага хутчэй атрымалі магчымасць сузірання Божага аблічча ў небе.
11. Таксама ў наступную нядзелю 3 лістапада на святой Імшы а 18 гадзіне на сябе прымуць абавязак малітвы за святароў чарговыя “МАРГАРЫТКІ”
12. У сувязі з канікаламі на працягу ўсяго тыдня, у дзяцей не будзе адбывацца катэхеза.
13. Запрашаю ўсіх дзяцей у наступную нядзелю на св. Імшу на 10.30 каб падсумаваць конкурс на найпрыгажэйшы ружанец.
14. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 24 кастрычніка 2013 года выдаў дэкрэт:
У сувязі з душпастарскай неабходнасцю, пасля абмеркавання справы са святарамі, працуючымі ў Мінску, і беручы пад увагу актуальна стан, гэтым дэкрэтам уводжу наступны падзел горада Мінска на парафіі. Агулам 16 парафій.
Змяніліся межы таксама і нашай парафіі: Наша парафія абмежавана: МКАД (ад ад перасячэння з вул. Казіміраўская да чыгункі Мінск-Маладзечна, ад МКАД да вул. Лынькова, вул. П. Глебкі няцотныя нумары, вул. Прытыцкага (ад вул. П. Глебкі да вул. Кунцаўшчына цотныя нумары), вул. Кунцаўшчына цотныя нумары, вул. Казіміраўская цотныя нумары). Мікрараёны: Каменая горка 1 і Каменая горка 5 на моцы дэкрэту арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча адыходзяць да парафіі Маці Божай Будслаўскай.