Усім хрысціянам, законнікам, духоўным і свецкім, мужчынам і жанчынам, усім, хто жыве на свеце, выказвае падзяку брат Францішак, слуга іх падданы, і жадае ім сапраўднага нябеснага супакою і шчырай любові ў Богу.
Будучы слугою для ўсіх, маю абавязак служыць усім і пераказаць словы майго Пана. Затым убачыўшы, што з-за хваробы і слабасці цела не магу кожнага паасобку адведаць, я вырашыў у гэтым лісце і пасланні пераказаць вам словы Пана нашага Езуса Хрыста, які з*яўляецца словам Айца, і словы Святога Духа, які ёсць духам і жыццём.
Бог Айцец хоча, каб мы ўсе былі праз Яго збаўленыя і каб прымалі Яго чыстым сэрцам і целам. Але шмат ёсць такіх, хто прагне прыняць Яго і атрымаць праз Яго збаўленне, хоць “ярмо Маё добрае і цяжар Мой лёгкі”. Якія ж аднак шчаслівыя і благаславёныя тыя, хто любіць Пана і хто робіць так, як сам Пан гаварыў у Евангеллі: “Палюбі Пана Бога Твайго ўсім сэрцам тваім і ўсёю душою, і ўсім разуменнем тваім. Палюбі бліжняга твайго, як самога сябе”. Бедзем жа любіць Бога і праслаўляць Яго чыстым сэрцам і чыстымі думкамі, бо Ён гэта перад усім прагне, калі гаворыць: “Сапраўдныя шанавальнікі твае будуць складаць пашану Айцу ў Духу і ў праўдзе”, бо трэба, каб усе, хто “Яму аддае пашану, шанавалі Яго ў Духу і ў праўдзе”. Давайце праслаўляць Яго і маліцца ўдзень і ўначы, гаворачы: “Ойча наш, каторы ёсць у небе”, бо мы павінны заўсёды “маліцца і не стамляцца”.
І будзем любіць бліжніх, як саміх сябе. А калі хто не хоча, або не можа іх так любіць, як сябе, няхай, прынамсі, не робіць ім нічога злога, але робіць ім дабро.
А на ўсіх, хто будзе так чыніць і вытрывае аж да канца, спачне Дух Панскі і будзе прабываць у іх, і будуць сынамі Айца Нябеснага, бо выконваюць Яго учынкі і з'яўляюцца ўмілаванымі, братамі і маці нашага Пана Езуса Хрыста.