1. Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы і за ўселякую дапамогу. Асабліва дзякую за вельмі прыгожыя букеты кветак, якія ўпрыгожваюць нашую капліцу.

2. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

23 верасня (панядзелак)  Успамін Св. Піа з Петрэльчыны

Франчэско Фарджонэ — будучы падрэ Піо — нарадзіўся 25 мая 1887 г. у П’етрэльчыне (Паўднёвая Італія). У шаснаццацігадовым узросце ўступіў у закон капуцынаў і праз сем гадоў прыняў святарскае пасвячэнне. У 28 гадоў айцец Піо атрымаў стыгматы — раны, як у Езуса Хрыста, што прычынялі яму нясцерпны боль. З-за накладзеных на яго абмежаванняў падрэ Піо прысвяціў сябе паглыбленаму духоўнаму жыццю, асабліва культу Эўхарыстыі, Мукі Пана і Маці Божай Балеснай, а таксама апостальству споведзі. Перад яго канфесіяналам у касцёле кляштара Сан Джаванні Ратондо выстройваліся вялікія чэргі тых, хто хацеў у яго спавядацца.

27 верасня  (пятніца) Успамін Св. Вінцэнта дэ Поля

Нарадзіўся 24 красавіка 1581 г. у мястэчку Пуі ў французскай Гасконі, якое сёння ў гонар святога называецца Сэн-Вэнсан-дэ-Поль. Бацькі Вінцэнта былі сялянамі. У 19-гадовым узросце ён стаў святаром і праз дванаццаць гадоў святарскага служэння быў прызначаны пробашчам парафіі Клішы ў Парыжы. У 1617 г. святар прысягнуў да канца свайго жыцця служыць бедным і ў тым жа годзе арганізаваў Брацтва міласэрнасці — супольнасць свецкіх сясцёр. Праз тры гады ён заснаваў мужчынскае таварыства служыцеляў бедных, а ў 1625 г. — законную супольнасць Місій, заданнем якой стала падрыхтоўка місій і клопат пра выхаванне духавенства.

Паколькі сядзіба супольнасці Місій знаходзілася побач з парыжскім касцёлам святога Лазара, законнікаў пачалі называць лазарыстамі. У 1633 г. Вінцэнт дэ Поль разам з Луізай дэ Марыяк заснаваў законную супольнасць Дачок міласэрнасці, вядомых пад назваю шарыткі (ад французскага слова charitй — міласэрнасць). Адданы святар, служыцель бедных, апякун сіротаў і хворых арганізоўваў сталоўкі для простага народу, а таксама палявыя шпіталі (лазарэты) падчас крывавых паўстанняў супраць каралеўскай улады, што адбываліся ў краіне ў сярэдзіне XVII ст. На момант яго смерці 27 верасня 1660 г. у Францыі існавала ўжо каля 800 місій лазарыстаў, якія пазней распаўсюдзіліся па ўсім свеце. Святы лічыцца апекуном дабрачынных арганізацый, а таксама сіротаў і дзіцячых дамоў.

29 верасня (Нядзеля) Урачыстаць св. Міхала Арханёла (апекуна Мінска-Магілёўскай правінцыі Касцёла), св. Габрыэля і Рафала, арханёлаў

Арханёл Міхал — Апякун Касцёла ў Беларусі — мае шмат розных найменняў: Князь Анёлаў, Анёл Справядлівасці, Ахоўнік Раю, Абаронца Хрыстовага Касцёла, Князь Душаў, Пасланнік Бога, які перадае людзям Божыя наказы. Імя Міхал (габрэйск. Міхаэль), што азначае хто як Бог?, некалькі разоў узгадваецца ў Святым Пісанні, а асабліва ў Апакаліпсісе святога Яна Багаслова (Ап 12, 7-12), дзе апісваецца змаганне Анёлаў Божых на чале з Арханёлам Міхалам і ўзбунтаваных супраць Бога анёлаў сатаны.

У Евангеллі гаворыцца яшчэ пра аднаго Арханёла — Габрыэля, які прадказаў святару Захарыі нараджэнне сына — святога Яна Хрысціцеля, а Панне Марыі звеставаў нараджэнне Езуса Хрыста. Арханёл Рафал згадваецца ў старазапаветнай кнізе Тобія. Ён ахоўвае людзей ад хваробаў і ранаў, лечыць іх, а таксама апякуецца і спрыяе тым, хто ў дарозе. Акрамя таго, Арханёл Міхал лічыцца апекуном вайскоўцаў, Габрыэль — паштароў, а Рафал — медыкаў.

3. Распачалі запісы да новага – другога кола жывога ружанца. (запісы ў закрыстыі.)  Пакуль што з 20 чалавек патрэбных да распачацця жывога ружанца запісалася толькі 6. 

4. Ад наступнай нядзелі ўводзіца св. Імша а 8 гадзіне ў кожную суботу і нядзелю.

5. Запісываем на “маргарытку” (малітоўную групу ў інтэнцыі святароў). Маргарытка - рух штодённай малітвы за канкрэтнага святара або законную асобу. Збіраецца 7 чалавек (на 7 дзён тыдня). Кожны з іх выбірае тую форму малітвы, якая яму бліжэй, і выбірае дзень, у які будзе маліцца за вызначанага святара/законніка. Гэтыя 7 чалавек моляцца да канца свайго жыцця, нават калі святар/законнік памірае раней. У дзень, у які распачынаецца Маргарытка, прыносіцца абяцанне. Чаму “Маргарытка”? Маргарытка — белая кветка, якая сімвалізуе прастату, чысціню і прагу ахвяравання, — выбрана як сімвал духоўнай дапамогі святарам і асобам законным. Сем пялёсткаў кветкі сімвалізуюць сем дзён тыдня. 

6. Зноў пачынае дзейнасць пасля вакацый наш парафіяльны хор. Рэпетыцыі будуць праходзіць па аўторках пасля св. Імшы - прыкладна каля 20 гадзіны. Шчыра запрашаем прыняць удзел у праслаўлення сваім спевам Бога. Усіх жадаючых спяваць у парафіяльным хору, запрашаем на рэпетыцыі.  

7. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да св. Антонія і ў гэтых інтэнцыя будзе адпраўлена Святая Імша.

Расклад катэхезы ў нашай парафіі:

Падрыхтоўка да Першай Камуніі:

1 год падрыхтоўкі панядзелак 18.00

2 год падрыхтоўкі панядзелак 18.50

Дзеці пасля Першай Камуніі 

Чацверг 18.00 

8-9 классы  

Серада 17.00

6-7 классы 

Субота 12.00

Моладзь (працуючая і студэнты)

серада  20.00

Міністранты 

Пятніца 18.00


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.