15 верасня ў мінскай парафіі Св. Яна Евангеліста і св. Максімільяна Кольбы адбыўся практычны семінар «Азбука дыялогу», які праводзіла псіхолаг-кансультант Наталля Станкевіч. Удзельнікі семінара пазнаёміліся з «сябрамі» і «ворагамі» эфектыўнага дыялогу і даведаліся аб правілах вядзення гутаркі, прычым не проста паслухалі выступленні спікера, але і прымаючы актыўны ўдзел, асабіста ажыццяўлялі «фігуры вышэйшага пілатажу» камунікавання.
Семінар меў практычны ўхіл, праходзіў вельмі інтэрактыўна, быў жывы водгук з боку ўдзельнікаў. Яны самі сталі прапаноўваць сітуацыі, якія хацелі б разыграць, на якіх хацелі б папрактыкавацца. Відавочна, гэтыя гульні адлюстроўвалі рэальныя, важныя для ўдзельнікаў сітуацыі.
«Сённяшні семінар — гэта добры пачатак для дыялогу, — распавёў Catholic.by пробашч парафіі айцец Аляксандр Улас OFMConv. — Можа нават не столькі з іншым чалавекам, колькі з самім сабой. Ці я ўмею размаўляць? Ці я ўмею называць свае эмоцыі, свае пачуцці, якія маю? Ці я разумею самога сябе? Бо калі чалавек сябе не разумее, то як ён можа штосьці пераказаць, як зможа весці дыялог? Калі сябе не разумее, то як зразумее іншага?»
«Любыя зносіны могуць быць карыснымі, — сцвярджаюць удзельнікі Міхал і Ганна Шчаўленя — і сёння з гэтага семінару мы нешта для сябе вынеслі, нешта ўзялі».
На важнасць працэсу камунікацыі і карысць ад атрыманых парадаў звярталі ўвагу многія з удзельнікаў.
«Камунікаванне вельмі патрэбна нам, мы штодня з гэтым сутыкаемся, — гаворыць катэхет Маргарыта Салынская, — Наталля распавяла пра канкрэтныя пункты, па якіх мы можам дзейнічаць, канкрэтныя планы, якія можам выкарыстоўваць. Дзякуй ёй і... чакаем новых тэмаў».
«Часта бывае так, што людзі, якія прыходзяць да псіхолага за кансультацыяй, расказваюць пра сур’ёзныя праблемы, — гаворыць псіхолаг Наталля Станкевіч, галоўны эксперт семінару. — А я разумею, што калі б яны ўмелі выслухаць адно аднаго, калі б праявілі мінімум павагім і жадання зразумець свайго суразмоўцу, то многіх праблем, з якімі яны звяртаюцца, проста не было б».
Арганізатары мерапрыемства спадзяюцца, што практыка правядзення падобных семінараў будзе мець працяг. Поўны відэазапіс з семінару «Азбука дыялогу» неўзабаве павінен з’явіцца на сайце парафіі jan.by і каталіцкім партале Catholic.by.
Віталій Палінеўскі, catholic.by