1. Сардэчна дзякую ўсім за супольную малітву, складзеныя ахвяраванні, за прыбіранне капліцы і за ўселякую дапамогу.
2. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:
- 16 верасня (панядзелак) Успамін Святых Карнэлія, Папа, і Кіпрыяна, біскупа, мучанікаў
Рымлянін Карнэлій быў абраны Папам у сакавіку 251 г. Ён паслядоўна адстойваў магчымасць пакаяння і вяртання ў Касцёл хрысціянаў, якія адышлі ад веры падчас пераследу. Цэзар Гал ізноў пачаў пераследаваць вызнаўцаў Хрыста, і ў чэрвені 253 г. Папа Карнэлій быў асуджаны на выгнанне. Ён памёр у верасні таго ж года ў Чывітавэк’і, непадалёк ад Рыма. З прычыны шматлікіх выпрабаванняў і прыніжэнняў, якія давялося перажыць Карнэлію, ён лічыцца мучанікам. Захаваліся два лісты святога, адзін з якіх скіраваны да Кіпрыяна — тагачаснага біскупа Карфагена.
Кіпрыян нарадзіўся ў Карфагене каля 200 г. у заможнай паганскай сям’і. Маючы ўжо каля 45-ці гадоў, Кіпрыян прыняў хрост і святарскае пасвячэнне, стаўшы ў хуткім часе біскупам Карфагена і кіраўніком касцёла ў Паўночнай Афрыцы. Падчас пераследу хрысціянаў ён кіраваў сваім Касцёлам з укрыцця, ведучы перапіску з вернікамі. Вярнуўшыся ў Карфаген, ён, як і Папа Карнэлій, адстойваў магчымасць пакаяння для тых, хто ў перыяд пераследу адышоў ад Касцёла. З наступнаю хваляю пераследу Кіпрыян быў спачатку асуджаны на выгнанне, але пазней на судовым працэсе яму вынеслі смяротны прысуд і 14 верасня 258 г. адсеклі галаву. Перад смерцю Кіпрыян даў свайму кату 25 залатых манет. Ён пакінуў шмат значных твораў і навуковых працаў, якія мелі вялікі ўплыў на развіццё хрысціянскай думкі. Святы Карнэлій з’яўляецца апекуном земляробаў. Яго заступніцтва просяць пры хваробах вушэй і пры канвульсіях, а Кіпрыяна — аб выратаванні ад чумы.
17 верасня (аўторак): СВЯТА СТЫГМАТАЎ СВЯТОГА ФРАНЦІШКА З АСІЗІ.
Быў год 1223 падчас малітвы на гары Альвэрна Францішку зьявіўся вобраз укрыжаванага сэрафіма. Калі ён зьнік, на руках, нагах і грудзях Францішка засталіся стыгматы — раны на ўзор ранаў укрыжаванага Хрыста.
18 верасня (серада): успамін Святога Станіслава Косткі, законніка.
Святы Станіслаў Костка нарадзіўся ў Расткове на Мазоўшы напрыканцы снежня 1550 года. З дзяцінства адзначаўся набажэнствам да Найсвяцейшага Сакра-мэнту і да Маці Божай. Разам з братам быў высланы да іезуіцкіх школаў у Ведню. Меў аб’яўленне Маці Божай, якая параіла яму ўступіць да закону іезуітаў. Па той прычыне, што не мог разлічваць на дазвол бацькоў, пераапрануты ўцёк з Ведня, пе-ша дабраўся да Дылінгі ў Баварыю і з’явіўся ў святога Пятра Канізыя. Той святы выслаў яго да Рыму, дзе святы Францішак Боргаш прыняў Станіслава да навіцыяту. У навіцыяце Станіслаў будаваў усё асяродзе ўзорным жыццём. Запалены полымем Божай любові выпрасіў сабе смерць у свята Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў 1568 годзе. Яго рэліквіі знаходзяцца ў Рыме ў касцёле святога Андрэя на Квірынале. Святы Станіслаў з’яўляецца патронам Польшы.
20 верасня (пятніца): успамін Святых Андрэя Кім, святара, і Паўла Чонг Хасанга і паплечнікаў, мучанікаў.
З пачаткам XVII стагоддзя хрысціяне занеслі хрысціянства да Карэі. А толькі ў 1836 годзе туды прыбылі місіянеры з Францыі. Выбухлі крывавыя пераследванні, у якіх 103 мучаніка аддала жыццё за веру, паміж імі першы карэйскі святар Андрэй Кім і выдатны апостал свецкі Павел Хонг.
21 верасня (субота): СВЯТА СВЯТОГА МАЦВЕЯ, АПОСТАЛА І ЕВАНГЕЛІСТА.
Мацвей, паходзячы з Капэрнаўма, быў мытнікам. Пан Езус паклікаў яго да лі-ку апосталаў. Найстарэйшая традыцыя прыпісвае святому Мацвею аўтарства першага Евангелля, напісанага да жыдоў на габрэйскай мове паміж 50-тым і 60-тым годам. Евангелле святога Мацвея найдакладней апісвае жыццё Пана Езуса і паказвае, што Езус ёсць абяцаным Місіяй.
3. Распачалі запісы да новага – другога кола жывога ружанца. (запісы ў закрыстыі.) Пакуль што з 20 чалавек патрэбных да распачацця жывога ружанца запісалася толькі 5.
4. Запрашаю таксама хлопцаў, якія ўжо былі ў Першай св. Камуніі і жадалі бы больш ахвярна служыць Богу праз сваю службу пры алтары Пана. Запісы да міністранскай групы таксама ў закрыстыі. Сустрэчы праходзяць па пятніцах, а 18 гадзіне ў капліцы.
5. Зноў пачынае дзейнасць пасля вакацый наш парафіяльны хор. Рэпетыцыі будуць праходзіць па аўторках пасля св. Імшы - прыкладна каля 20 гадзіны. Шчыра запрашаем прыняць удзел у праслаўленні сваім спевам Бога. Усіх жадаючых спяваць у парафіяльным хору, запрашаем на рэпетыцыі.
6. У наступную нядзелю будзе пададзены расклад заняткаў катэхезы.