1. Дзякую ўсім за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, прыбіранне капліцы. Няхай Добры Бог узнагародзіць вашую шчодрасць і дабрыню.

2. На гэтым тыдні ў літургіі адзначаем:

26 жніўня (панядзелак): Успамін Найсвяцейшай Панны Марыі Чэнстахоўскай

Абраз Маці Божай, які знаходзіцца ў кляштары айцоў паўлінаў на Яснай Гары, слыне вялікімі цудамі. Ушанаванне гэтага абраза павялічылася ад часоў абароны Яснай Гары ад шведаў. У 1717 годзе абраз каранаваны, і Ясная Гара стала галоўным месцам культу Маці Божай у Польшчы.

27 жніўня (аўторак): Успамін Святой Монікі

Нарадзілася ў Паўночнай Афрыцы каля 330 года. Жонка паганіна з шалёным характарам, якога сваёй лагоднасцю і цярплівасцю прывяла да хрысціянскай веры. Таксама сваімі малітвамі і слязамі выпрасіла у Бога навяртанне сына Аўгустына, які паддаваўся ўплывам розных ерэтыкаў і вёў грэшнае жыццё. Аўгустын з часам стаў біскупам і адным з вялікіх дактароў Касцёла. Святая Моніка памёрла ў 387 годзе.

28 жніўня (серада): Успамін Святога Аўгустына, біскупа і доктара Касцёла

Нарадзіўся ў Паўночнай Афрыцы ў 354 годзе. Сын паганіна Патрыцыя і хрысціянкі Монікі, якая пасвяціла сваё жыццё малітвам аб навяртанні сына. У маладосці праводзіў распутнае жыццё і паддаваўся ўплывам розных ерэсей. У Медыялане пасля размоў са святым Амброзіем і чытання тэкстаў святога Паўла Аўгустын перажыў навяртанне да веры, прыняў хрост. У далейшым стаў святаром, потым – біскупам Гіпона. Памёр у 430 годзе. Яго казанні і сачыненні залічаны да найлепшых спраў хрысціянства.

29 жніўня (чацвер): Успамін Мучаніцтва Святога Яна Хрысціцеля

Святы Ян Хрысціцель прызываў свой народ, а таксама і караля Ірада, да паправы жыцця. За гэта яго пасадзілі ў вязніцу і ссяклі галаву. Так, як прарокі і Апосталы, уласнай крывёю пацвердзіў абвяшчаемую навуку.

3.Хутка пачатак новага навучальнага і катэхетычнага года. З гэтай нагоды запрашаем студэнтаў, школьнікаў, бацькоў, настаўнікаў і выхавацелей ў наступную нядзелю на Святую Імшу ў 10.30, каб навучанне пачаць з Божым благаслаўленнем.

Пасля Святой Імшы ў закрыстыі можна запісаць дзяцей на заняткі па рэлігіі – на катэхэзу.

4. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага. Свае просьбы і словы падзякі можна ўпісваць у сшытак з просьбамі да святога Антонія і ў гэтых інтэнцыях будзе адпраўлена святая Імша.


Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.