Дарагія парафіяне, шаноўныя госці! Шчыра дзякуем за супольную малітву, за складзеныя ахвяраванні, за ўсялякую аказаную дапамогу і служэнне. Дзякуем таксама за ахвяраванні, складзеныя на будову касцёла. Няхай вас Добры Бог узнагародзіць сваім благаслаўленнем і напаўняе вашыя сэрцы патрэбнымі ласкамі.

На гэтым тыдні ў літургіі Касцёла:

28 кастрычніка (серада) — свята святых Сымона і Юды Тадэвуша, апосталаў.

У гэты дзень свае імяніны святкуе арцыбіскуп эмерыт Тадэвуш Кандрусевіч — памятаем у малітвах пра шаноўнага імянінніка.

1. У кастрычніку ў нашай капліцы ладзяцца ружанцовыя набажэнствы а 18:30 у буднія дні, у нядзелю — пасля Святой Імшы а 18:00. Ружанцовае набажэнства для дзетак — у суботу а 13:00.

2. Кожны аўторак у капліцы адбываецца набажэнства праз заступніцтва святога Антонія Падуанскага — інтэнцыі на складковую Святую Імшу можна самастойна запісаць у сшытку. А кожную сераду — малітва да святога Юзафа, асабліва за нашых ахвярадаўцаў і дабрачынцаў.

3. Запрашаем далучыцца да малітоўнай ініцыятывы ў ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада. Запрашаем на адарацыю Эўхарыстычнага Цела Хрыста ў інтэнцыі навяртання ўсіх людзей, якія ў гэтую ноч аддаюць пашану злому духу, прымаючы ўдзел у розных гульнях і забавах, а таксама ў інтэнцыі перапрашэння Бога за грахі супраць Яго Любові і Міласэрнасці. Адарацыя пачнецца пасля Святой Імшы а 19:00.

4. Набліжаецца Урачыстасць Усіх Святых і Дзень малітвы за памерлых (1, 2 лістапада). Традыцыйна ў гэты час Касцёл моліцца за памерлых. Можна прыносіць у закрыстыю спісы вашых памерлых. Просім, каб імёны і прозвішчы былі напісаныя ў назоўным склоне. Набажэнствы за памерлых адбудуцца з 1 па 8 лістапада: у 18:30 — набажэнства, а 19:00 — Святая Імша (у нядзелю — набажэнства а 17:30); кожную сераду і пятніцу лістапада — набажэнства а 18:30.

5. У нядзелю 1 лістапада на могілках “Масюкоўшчына” а 15:00 адбудзецца працэсія і набажэнства за памерлых.

6. З 1 па 8 лістапада можна кожны дзень атрымаць поўны адпуст за пабожнае наведванне могілак і малітву за памерлых — ахвяраваць адпуст можна толькі за памерлых.

7. Наступная нядзеля — першая нядзеля месяца. А 13:30 — Святая Імша ў інтэнцыі Жывога Ружанца нашай парафіі. Інтэнцыя Жывога Ружанца на лістапад: “За памерлых, пакутуючых у чыстцы, каб як мага хутчэй атрымалі магчымасць сузірання Божага аблічча ў небе”.

8. Ёсць новы нумар газеты “Слова жыцця” і часопіса “Ave Maria”. Запрашаем да чытання каталіцкай прэсы.

Усім юбілятам і імяніннікам надыходзячага тыдня складаем найлепшыя пажаданні здароўя, супакою ў вашых сэрцах і вашых сем’ях, а таксама шматлікіх Божых ласкаў і апекі Марыі.

Дарагія сябры! Просім падтрымаць будаўніцтва нашага касцёла і дзейнасць парафіі. Шчыра дзякуем за дапамогу, молімся за ўсіх ахвярадаўцаў.